Вераснёвы тыдзень бяспраўя: у Горадні ўшанавалі памяць забітых палякаў у верасні 1939 года


У верасні 1939 года на Гарадзеншчыне распачалі свой тэрор камуністычныя банды, якія рабавалі і забівалі мясцовае насельніцтва, у большасці больш заможных палякаў. Саюз палякаў у Беларусі разам з дэлегацыяй Польскага консульства ў Горадні 17 верасня наведалі месцы памяці трагедыі 39-га года і ўшанавалі памяць загінулых.

Трагедыя палякаў на Гарадзеншчыне 1939-га года адносіцца да забытых старонак гісторыі Польшчы і Беларусі. У ноч з 16 на 17 верасня 1939 года савецкія дыверсійныя аддзелы выйшлі з канспірацыі. Іх задача складалася ў тым, каб «падрыхтаваць» тагачасныя польскія землі да прыходу Чырвонай Арміі. Яны пачалі нападаць на ўрадавыя ўстановы, паліцэйскія ўчасткі, невялікія вайсковыя часткі, маёнткі і нават цэлыя мястэчкі. Ва ўмовах поўнай анархіі на працягу некалькіх дзён самаабвешчаныя рэвалюцыйныя камітэты і камуністычныя дыверсійныя групы вызначалі жыццё і смерць жыхароў гэтых зямель.

Месца пахавання жаўнераў Польскага войска, забітых у барацьбе з Чырвонай арміяй у вёсцы Юрэвічы. 17 верасня 2017 Васіль Малчанаў/ Белсат

Вераснёвы «тыдзень бяспраўя»

Самыя моцныя антыпольскія паўстанні на Гарадзеншчыне ў значнай ступені супадаюць з вобласцямі, якія паддаваліся інтэнсіўнай камуністычнай агітацыі. Гэта былі раёны Горадні, Шчучына, Ваўкавыску і Слоніма. Адмыслова ствараліся рэвалюцыйныя камітэты і ўзброеныя групы, якія агітавалі мясцовых добраахвотнікаў у свае шэрагі. Гэтыя групоўкі складаліся ў асноўным са звычайных злачынцаў з крымінальным мінулым.

Нягледзячы на ідэалагічныя лозунгі, кіраваліся яны ў асноўным матэрыяльным аспектам, выкарыстоўваючы магчымасць рабаваць і гвалціць польскае насельніцтва.

Супольная магіла ахвяраў камустычных бандаў на могілках у Жатомлі, забітых у верасні 1939 года.17 верасня 2017 Васіль Малчанаў/ Белсат

Напярэдадні савецкай камуністычнай агрэсіі на Гарадзеншчыну яны падрыхтавалі спіс людзей, якія праз антыкамуністычныя і антысавецкія настроі павінны былі быць ліквідаваныя ў першую чаргу або выдадзеныя Чырвонай Арміі. У спісах апынуліся імёны землеўладальнікаў, ваенных пасяленцаў, дзяржаўных служачых, кіраўнікоў шляхецкіх маёнткаў і сядзібаў, настаўнікаў, прадстаўнікоў дробнай шляхты.

Могілкі ў вёсцы Жытомля.17 верасня 2017 Васіль Малчанаў/ Белсат

Практыкаваўся т.зв. «тыдзень бяспраўя», які дазваляў камуністычным бандам «выкарэньваць антыкамуністычныя і буржуазныя элементы» і забіваць «ворагаў народа». «Тыдзень бяспраўя» пачаўся адразу пасля ўступлення войскаў Чырвонай Арміі на Гарадзеншчыну 17 верасня. Узброеныя і часта пʼяныя бандыты з чырвонымі стужкамі на рукавах атакавалі мясцовае насельніцтва.

Забойствы ў Лерыполі

Першая магіла, якую наведалі дзеячы СПБ разам з консулам знаходзіцца блізу вёскі Лерыполь. Трагедыя адбылася раніцай 22 верасня, калі бандыты колькасцю з 15-ці асобаў напалі на сем’і польскіх вайсковых пасяленцаў, званых у народзе «асаднікамі». Гэта былі былыя вайскоўцы, якія пасля вайны з бальшавікамі ў 1920-м годзе атрымалі тут зямлю, на якой працавалі. Як ні дзіўна, акрамя вядомых крыміналістаў і камуністычных змоўнікаў у склад банды ўваходзілі мясцовыя беларусы, якія добра ведалі сем’і расстраляных палякаў.

Генеральны консул у Горадні Ярослаў Ксёнжэк складвае вянок на магіле ў Лерыполі.17 верасня 2017 Васіль Малчанаў/ Белсат

Бандыты з чырвонымі стужкамі на руках паведамілі, што забіраюць мужчын на ўсеагульны сход з новымі савецкімі ўладамі ў вёску Курпікі. Семярых мужчын вывелі на луг, дзе пасвілася быдла, агароджаны калючым дротам. Кіраўнік банды Арцюкевіч абʼявіў, што вясковы Абухаўскі рэвалюцыйны камітэт прыгаварыў пасяленцаў за варожасць да бальшавікоў і ўдзел у вайне з імі на смерць. Усіх семярых забілі з асаблівай жорсткасцю. Пасля да іх далучылі яшчэ трох. Некалькі дзён бандыты высочвалі апошняга «асадніка» Галіньскага, які быў жанаты з беларускай з вёскі Курпікі. Ён патануў падчас уцёкаў, калі спрабаваў пераплыць Нёман. Усе мужчыны пакінулі сіротамі некалькіх дзяцей, а жонак – удовамі.

Магіла вайсковых пасяленцаў, забітых камуністычнай бандай у вёсцы Лерыполь у верасні 1939.17 верасня 2017 Васіль Малчанаў/ Белсат

Сын аднаго з загінулых Антоні Адамчык, шмат гадоў даследаваў матэрыялы і шукаў сведкаў у справе забойства ў Лерыполі. Два разы ў 1993-м і 1998-м гадах ён спрабаваў узбудзіць судовую справу. Аднак пракуратура Беларусі адмовіла, аргументуючы «адсутнасцю крымінальнага злачынства» ў гэтай справе.

«Няхай Бог даруе злачынцам»

«Забітыя 23.09.1939г., бо былі палякамі. Шануйма іх памяць», – такі надпіс можна прачытаць на адной з магілаў на могілках у вёсцы Жытомля, дзе 23 верасня 1939-га года мясцовыя камуністы Уладзімір Аплевіч і Іван Шырка забілі солтыса і невядомага па прозвішчы лейтэнанта польскага войска. На наступны дзень каля шашы яны па-зверску забілі яшчэ 7 польскіх пасяленцаў, целы якіх знайшлі пасля сем’і закатаваных. Ахвяры мелі распоратыя жываты і расколатыя галовы.

Пад імёнамі загінулых на ніжняй магільнай пліце сваякі зрабілі надпіс: «Няхай Бог даруе злачынцам».

Месца пахавання жаўнераў Польскага войска, забітых у барацьбе з Чырвонай арміяй у вёсцы Юрэвічы.17 верасня 2017 Васіль Малчанаў/ Белсат

Успамін як пратэст

Першае імя на супольнай магіле палякаў у Квасоўцы належыць Уладыславу Шоце, які ў верасні 1939 кіраваў мясцовай гмінай. Да часу ажно раніцы 17-га верасня група п’яных беларускіх і жыдоўскіх камуністаў не ўварвалася ў будынак і не арыштавала яго разам з сакратаром, касірам і настаўнікам. Маці Уладслава прыходзіла да яго з 10-ці гадовым сынам, які прасіў бацьку вярнуцца да хаты. Бацька адказаў толькі, што болей ужо не вернецца. 20 верасня восем асуджаных пагналі за вёску і прымусілі лапатамі капаць сабе магілу. Сведкам расправы была жонка Уладыслава. Целы былі толькі крыху прысыпаныя зямлёй і іх раздзіралі сабакі.

Магіла вайсковых пасяленцаў, забітых камуністычнай бандай у вёсцы Лерыполь у верасні 1939.17 верасня 2017 Васіль Малчанаў/ Белсат

Патаемна разам з дзецьмі яны прыходзілі на магілу бацькі, засыпаць целы камянямі. Сям’ю Шотаў цудам не вывезлі ў Сібір. Па просьбе ўдавы калгас пакінуў кавалак зямлі разам з магілай. У час перабудовы ў 1989 годзе сын Уладыслава Казімір дабіўся эксгумацыі бацькі і яго парэшткі разам з іншымі перанеслі на могілкі ў Квасоўцы. У той дзень памяць загінулых прыйшлі ўшанаваць натоўпы. Гэта былі сведкі здарэння, людзі, якія такім жа жудасным чынам страцілі сваіх блізкіх. Супольная малітва такой колькасцю людзей у 90-я гады была свайго роду маніфестацыяй супраць тагачаснага рэжыму.

Ці будзе месца ў гісторыі?

Лерыполь, Жытомля, Юрэвічы, Квасоўка, Індура, Адамавічы, Кудзёўцы, Калеты, Сапацкіно… Агулам прадстаўнікі Саюзу палякаў у Беларусі і Генеральнага консульства Польшчы ў Горадні наведалі 10 мясцін, кожная з якіх з’яўляецца сведчаннем трагічных падзей верасня 1939-га года. Гэтыя падзеі дагэтуль не знайшлі месца ў школьных падручніках.

Супольная магіла польскіх жаўнераў, забітых у верасні 1939 на могілках у Індуры.17 верасня 2017 Васіль Малчанаў/ Белсат

«Аляксандр Лукашэнка адчувае сябе звязаным з Савецкім саюзам, а ў савецкія часы лічылася, што гэтыя дзеянні, якія чынілі камуністычныя адзінкі ў стасунку да палякаў, былі правільнымі. У гэтай справе нічога не змянілася з савецкіх часоў і ўлада падтрымлівае такі пункт гледжання», – кажа прадстаўнік СПБ Анджэй Пачобут.

«Аднак без памяці пра гэтых людзей нельга зразумець таго, што здарылася пасля і што адбываецца сёння», – заўважае Генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Горадні Ярослаў Ксёнжэк.

Паўліна Валіш belsat.eu

Стужка навінаў