Венедыктаў: Пасля аб’яднання Беларусі і Расеі Лукашэнка стане пенсіянерам… у Крыме

Галоўны рэдактар «Эхо Москвы» Аляксей Венедыктаў, адказваючы на пытанне слухачкі з Менску пра магчымую анексію Беларусі, зрабіў смелы прагноз.

«Адзін з варыянтаў падаўжэння паўнамоцтваў, як кіраўніка дзяржавы Уладзіміра Пуціна можа быць абʼяднанне, анексія, далучэнне, саюз з Рэспублікай Беларусь. Гэта адзін з варыянтаў. Магчымыя і іншыя», – разважае Венедыктаў.

Паводле вядомага журналіста, субсідаваць брацкую дзяржаву расейскі ўрад ужо не можа і чакае кампенсацыю.

«Чым Беларусь можа расплачвацца? Суверэнітэтам, напрыклад. І ў гэтым сэнсе, калі гэта ўсё злучаецца, скручваецца такім чынам, то я дапускаю магчымасць стварэння адзінай дзяржавы, адзінага гаспадара цягам 3-4 гадоў. Ну, глядзіце. У 21-м годзе ў нас выбары ў Дзярждуму. А чаму адначасова не правесці па адзіных правілах выбары ў парламент саюзнай дзяржавы, ужо не дэлегацыямі, а выбарамі. І пачаць не з адзінага прэзідэнта, а з адзінага парламента, напрыклад. У 21-м. Вось табе, калі ласка».

Пасля абʼяднання Лукашэнка зможа заняць пасаду віцэ-прэзідэнта, старшыні Рады бяспекі і нават пенсіянера, які жыве ў Крыме, пералічвае магчымыя будучыя пасады кіраўніка Беларусі Аляксей Венедыктаў.

Галоўны рэдактар «Эхо Москвы» мяркуе, што «Уладзімір Уладзіміравіч, пачынаючы з 2008 года, увайшоў у ролю інтэгратара» і цяпер для яго «Беларусь – гэта Крым».

Аляксей Венедыктаў: Уяўленні Крамля пра Беларусь такія ж, як пра Крым раней

Напярэдадні каляднага візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Маскву, Венедыктаў выказаў здагадку, што Пуцін прапануе кіраўніку Беларусі «глыбокую інтэграцыю». Вынікі сустрэчы ўказваюць на тое, што рэактар «Эхо Москвы» меў рацыю.

ЮВ, belsat.eu

Hавiны