«Ведае толькі адзін Гасподзь Бог». Калі расейскаму рублю чакаць новых амерыканскіх санкцыяў?

Беларускі рубель вельмі моцна прывязаны да расейскага. На яго прыпадае самая вялікая частка гандлёвага абароту Беларусі, таму яго вага ў кошыку валютаў Нацыянальнага банку самая вялікая – 50 %. Натуральна, што ў такіх варунках любыя істотныя ваганні расейскай валюты адбіваюцца і на беларускай. А сітуацыя з расейскім рублём сёння даволі непрадказальная.

На разглядзе Кангрэсу ЗША зараз знаходзяцца законапраекты, якія, у прыватнасці, прадугледжваюць санкцыі супраць расейскага дзяржаўнага доўгу і найбуйнейшых банкаў. З’яўленне гэтых ініцыятываў у канцы лета – пачатку восені ўжо прывяло да зніжэння курсу расейскага рубля, а таксама адтоку ўкладаў з дзяржбанкаў РФ.

Кіраўнік расейскага «Сбербанку» Герман Грэф на апошняй сустрэчы з заможнымі кліентамі паспрабаваў супакоіць іх, заявіўшы, што ЗША абмяркоўваюць увядзенне санкцый толькі супраць аднаго-двух расейскіх банкаў, якія не з’яўляюцца лідарамі рынку, і, магчыма, некалькіх фізічных асобаў. Адключэння Расеі ад міжнародных банкаўскіх пераводаў SWIFT і іншых радыкальных мер ён пакуль не чакае.

Але пад канец года трывожных навінаў з ЗША становіцца ўсё больш. І, як адзначае Герман Грэф, сітуацыю ў сакавіку–красавіку 2019 года, калі Кангрэс ЗША разгледзіць законапраекты пра санкцыі супраць Расеі, «ведае толькі адзін Гасподзь Бог».

А пра тое, што санкцыі ў дачыненні да Расеі могуць стаць больш жорсткімі, заявіў і высокапастаўлены чыноўнік Дзярждэпартаменту ЗША пасля сустрэчы NATO. Паводле яго, такое будзе адбывацца, пакуль Расея не вызваліць украінскіх маракоў, якія былі захопленыя ў Керчанскім праліве.

«З часам наступствы і боль будуць толькі нарастаць», – папярэдзіў ён, дадаўшы, што ЗША не лічаць прагрэсам нават частковае аднаўленне руху судоў, пра якое паведаміў напярэдадні міністр інфраструктуры Украіны Уладзімір Амелян.

У Дзярждэпе таксама падкрэслілі, што ўзмацненне эканамічнага ціску на Расею абмяркоўваецца і з еўрапейскімі саюзнікамі, каб напомніць ім, «што праект «Паўночнага патоку-2» – гэта дрэнная ідэя». А будаўніцтва газаправода ў абыход Украіны не спрыяе стрымліванню расейскай агрэсіі.

Калі сітуацыя з Керчанскім праліве не вырашыцца ў хуткім часе, кангрэсмены ЗША могуць заняць больш жорсткую пазіцыю пры разглядзе законапраектаў аб санкцыях супраць Расеі, мяркуюць эксперты.

Канфлікт у Керчанскім праліве ўжо сам па сабе прывёў да падзення расейскага рубля на мінулым тыдні. Таксама ён стаў падставай для адмены сустрэчы Дональда Трампа з Уладзімірам Пуціным на саміце G20 у Аргентыне.

Адначасова сталі зʼяўляцца навіны пра «расейскае расследаванне». З паказанняў юрыста Трампа Майкла Коэна высветлілася шмат дэталяў аб перамовах Трампа з расейцамі аб будаўніцтве хмарачоса Trump Tower у Маскве ў 2016 годзе. У гэты час Трамп ужо быў афіцыйны кандыдатам у прэзідэнты ЗША.

Усё гэта адбываецца на фоне ўпэўненага падзення нафтавага рынку: з пачатку кастрычніка кошты на нафту ўпалі ўжо на 30%.

З-за палітычнай няўпэўненасці долар у Расеі можа каштаваць 80-90 расейскіх рублёў

Узмацненне геапалітычных рызыкаў і падзенне коштаў на нафту робяць паступовае паслабленне расейскага рубля ў снежні непазбежным. Як лічыць аналітык Райфайзенбанка Дзяніс Парывай, зʼяўленне новых доказаў у «расейскім расследаванні» можа паскорыць прыняцце новых законапраектаў аб санкцыях у 2019 годзе.

Падзення курсу расейскага рубля чакаюць і аналітыкі ў апытанні Bloomberg. А лістапад стаў другім месяцам запар, які расейскі рубель завяршыў у мінусе. Паводле аналітычнага агляду РАНХіГС і Інстытуту эканамічнай палітыкі імя Гайдара, у выніку палітычнай няпэўнасці курс долара ў Расеі можа вырасці нават да 80-90 расейскіх рублёў (зараз 66 рублёў).

Пры ўмове зніжэння коштаў на нафту да ўзроўню 50-55 долараў за барэль Расеі варта чакаць інфляцыі ў памеры нават болей за запланаваныя 4%.

Разам з тым, як адзначае вядучы аналітык ГК «Телетрейд» Марк Гойхман, рухі долара, еўра і расейскага рубля ў Беларусі не стануць значнымі ў бліжэйшы месяц. Гэтак, курс долара да канца 2018 года застанецца ў дыяпазоне 2,08 – 2,17 рубля. Для пары еўра/рубель актуальны калідор складзе 2,36 – 2,44 рубля, пары расейскі/беларускі рублі найбольш верагодныя ваганні чакаюцца ў межах 0,031 – 0,0326 рубля.

Эксперты распавялі, што будзе з курсам долара да канца года

МГ, Belsat.eu

Hавiны