Вечар памяці Алеся Чаркашына пройдзе ў Берасці


У Берасці сябры і паплечнікі Алеся Чаркашына, які загінуў ў 2015 годзе ва Украіне, маюць намер ушанаваць яго памяць.

Вечарына ў гонар Чаркашына адбудзецца 27 верасня, у дзень народзінаў Алеся. Сёлета яму споўнілася б 36 гадоў.

«У гэты дзень а 18.00 мы збяромся ў Берасці, у грэка-каталіцкай парафіі святых Пятра і Андрэя (Дворнікава, 63) на адмысловае набажэнства за супакой ягонай душы. Там жа а 19.00 пачнецца прэзентацыя раману «Беларусалім» ды іншых беларускіх і хрысціянскіх кнігаў», – распавёў сябра Чаркашына палітык Павал Севярынец.

«Алесь Чаркашын быў цудоўным беларусам і шчырым вернікам. Гэтая сустрэча, на якую прыйдуць ягоныя бацькі, сябры, паплечнікі – даніна памяці чалавеку, які аддаў сваё жыццё, каб жыла Беларусь», – дадаў Севярынец.

Алесь Чаркашын – беларус з Добраахвотнага ўкраінскага корпуса «Правы сектар», які ваяваў на Данбасе з пачатку зімы 2015 года. Вядомы Алесь таксама як аўтар шэрагу патрыятычных песень.

10 жніўня 2015 года ён быў цяжка паранены пад Белакаменкай, пасля двух тыдняў у коме ён памёр.Чаркашын быў пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам «Народны герой Украіны».

Пахаваны пад Берасцем, на могілках вёскі Камяніца Жыравецкая.

СА, «Белсат»

Стужка навінаў