«Важна не нашкодзіць самым сабе». Дзеянні Нацбанку ўдарылі па «Белгазпрамбанку», на чарзе – эканоміка краіны


Белгазпромбанк.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

За квартал амаль на траціну скараціліся сродкі кліентаў у «Белгазпрамбанку», у якім з мінулага месяца Нацыянальны банк насуперак жаданню акцыянераў увёў часовую адміністрацыю. Далейшае абвастрэнне канфлікту можа ўдарыць па эканоміцы Беларусі, мяркуе эксперт Аляксандр Муха.

Падзенне на траціну

За другі квартал 2020 года сродкі кліентаў у «Белгазпрамбанку» скараціліся на Br 1 млрд, або на 30,6 %, сведчыць фінансавая справаздачнасць банку паводле нацыянальных стандартаў.

На 1 ліпеня сродкі кліентаў у банку складалі Br 2,28 млрд супраць Br 3,29 мдрд на 1 красавіка.

Прыбытак банку на 1 ліпеня склаў Br 18,9 млн рублёў і знізіўся ў параўнанні з аналагічным перыядам 2019 года на 36,8 %.

Hавiны
Нацбанк прызначыў у «Белгазпрамбанк» уласную адміністрацыю
2020.06.15 09:50

На 1 ліпеня ў «Белгазпрамбанку» паўсталі абавязкі перад Нацыянальным банкам на Br 215 млн, якіх у мінулым квартале не было.

Эфектыўнай камунікацыі няма

На думку аналітыка даследчай групы BusinessForecast.by Аляксандра Мухі, новыя абавязкі банку перад рэгулятарам могуць сведчыць пра адсутнасць нармальнай камунікацыі з акцыянерамі «Белгазпрамбанку» – расейскімі кампаніямі «Газпром» і «Газпромбанк».

Мікрааўтобусы без нумарных знакаў перад галоўным офісам «Белгазпромбанку», імаверна належаць Камітэту дзяржаўнага кантролю. 11 чэрвеня 2020 г.
Фота: belsat.eu

Эксперт мяркуе, што гэтыя Br 215 млн могуць адлюстроўваць падтрыманне Нацбанкам рублёвай ліквіднасці «Белгазпрамбанку» ва ўмовах адтоку сродкаў кліентаў банку.

«Відавочна, адсутнічае эфектыўная камунікацыя паміж часовай адміністрацыяй, уведзенай Нацбанкам, і акцыянерамі, бо гэтую ліквіднасць без праблем маглі пакрыць акцыянера за кошт свайго капіталу», – адзначыў Аляксандр Муха.

Hавiны
«Газпрам» лічыць незаконнымі дзеянні беларускіх уладаў адносна «Белгазпрамбанку»
2020.06.12 21:25

Ён нагадаў, што крэдытны рэйтынг «Газпрому», паводле міжнароднага рэйтынгавага агенцтва «Fitch Ratings», складае BBB, а «Газпромбанку» – BBB, – што на 6 і 5 ступеняў адпаведна вышэй за суверэнны крэдытны рэйтынг Беларусі.

«Калі б у міжнародных рэйтынгавых агенцтваў адсутнічала столь крэдытнага рэйтынгу пра тое, што ў рэзідэнтаў краіны не можа быць рэйтынг вышэй, чым у дзяржавы, то з вялікай доляй верагоднасці можна было б казаць, што рэйтынг «Белгазпрамбанку» з улікам акцыянераў быў бы вышэйшым за рэйтынг Беларусі», – падкрэсліў аналітык.

«Неабгрунтавана і нерацыянальна»

Гэта ўсё, паводле яго, ставіць пытанне пра абгрунтаванасць увядзення часовай адміністрацыі ў банку «з такімі саліднымі акцыянерамі».

«Увядзенне часовай адміністрацыі выглядае палітычна матываваным, але з эканамічнай кропкі гледжання яно выглядае неабгрунтаваным і нерацыянальным», – дадаў Аляксандр Муха.

На яго думку, пакуль не даводзіцца казаць пра распачацце справы пра банкруцтва «Белгазпрамбанку».

Абноўлена
«Гэта рэйдарскі захоп з боку дзяржавы», – Бабарыка пра пераслед «Белгазпрамбанку»
2020.06.14 09:22

Эксперт не выключае, што пасля выбараў сітуацыя з «Белгазпрамбанкам» можа змяніцца і банк пакіне часовая адміністрацыя.

«Іншае пытанне – наколькі абновіцца склад кіраўніцтва банку. І ці пойдуць у гэтай частцы на саступкі прадстаўнікі акцыянераў. Ці захочуць яны бачыць новых чальцоў управы ад Нацыянальнага банку», – сказаў ён.

Шмат залежыць ад выбараў

Таксама будзе шмат залежыць ад таго, як пройдуць выбары, хто будзе абраны прэзідэнтам і як будзе развівацца сітуацыя ў краіне пасля 9 жніўня, заявіў аналітык. Паводле яго, у інтарэсах Беларусі і банкаўскай супольнасці ўрэгуляваць пытанне «Белгазпрамбанку» ў канструктыўным ключы. Далейшая эскалацыя канфлікту можа мець негатыўныя наступствы і для іміджу банкаўскага сектару і краіны, што можа адбіцца на інвестыцыйнай прывабнасці Беларусі.

«Тут вельмі важна не нашкодзіць самым сабе – вярнуцца ў канструктыўнае рэчышча, каб «Белгазпрамбанк» працягнуў сваю дзейнасць на банкаўскім рынку краіны ў штатным рэжыме», – падкрэсліў Аляксандр Муха.

Аб’ектыў
«Белгазпрамбанк»: наступствы ператрусаў
2020.06.15 23:16

Ён адзначыў, што ўжо за апошнія тыдні зараз вырасла даходнасць па некаторых суверэнных еўрааблігацыях Беларусі, а значыць, павялічыліся і выплаты па вонкавых запазычаннях, якія павінен выплаціць урад, што з’яўляецца цяжарам як для дзяржаўнага бюджэту, гэтак і для рэйтынгаў Беларусі. На думку эксперта, такі рост можа быць звязаны з пэўным падзеннем каціровак беларускіх аблігацыяў на фоне канфлікту вакол «Белгазпрамбанку».

Белгазпромбанк.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

«Спадзяюся, што беларускі бок усведамляе ўсе рызыкі і негатыўныя наступствы, звязаныя з далейшай эскалацыяй канфлікту. І я магу толькі выказаць надзею, што ў бліжэйшыя месяцы канфлікт будзе ўрэгуляваны», – адзначыў аналітык.

  • Праблемы ў «Белгазпрамбанку» пачаліся 11 чэрвеня – праз месяц пасля таго, як пра свае прэзідэнцкія амбіцыі заявіў цяпер ужо былы кіраўнік банку Віктар Бабарыка. Зараз больш за 20 чалавек, уключаючы самога прэтэндэнта, праходзяць па крымінальнай справе. Іх абвінавачваюць у адмыванні грошай, ухіленні ад платы падаткаў, ашуканстве, дачы і атрыманні хабару.
  • Ад 15 чэрвеня Нацбанк увёў у «Белгазпрамбанку» уласную адміністрацыю. Зараз на чале аднаго з найбуйнейшых прыватных банкаў краіны стаіць Надзея Ермакова.
  • Акцыянеры «Белгазпрамбанку» лічаць, што адміністрацыю банку змянілі незаконна.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў