Ватыкан увёў новыя правілы прызнання цудам незразумелых для навукоўцаў з'яў


Каталіцкая царква змяніла працэдуру прызнання тых ці іншых падзеяў цудамі. Новымі нормамі будуць кіравацца члены адмысловай медычнай камісіі.

Цуды паводле Ватыкану, неабходныя для беатыфікацыі (прызнання чалавека блажэнным). Кожны чалавек, які прызнаецца Ватыканам блажэнным, павінен здзейсніць хаця б адзін цуд. Аналізам цудаў у Ватыкане займаецца кангрэгацыя ў справах святых.

Папраўкі ў правілы беатыфікацыі былі апублікаваныя ў пятніцу ў дакуменце, зацверджаным кіраўніком кангрэгацыі – кардыналам Анджэло Амато. Акрамя фармальных і лінгвістычных зменаў старога статуту новы дакумент уводзіць яшчэ некалькі правілаў.

Па-першае, каб паставіць на разгляд камісіі пытанне аб боскім удзеле ў той ці іншай падзеі, цяпер патрэбныя дзве траціны галасоў членаў кангрэгацыі. Раней гэтая планка была ніжэйшай.

Па-другое, калі «цуд» аднойчы быў адрынуты кангрэгацыяй, то падзея можа аналізавацца паўторна толькі тры разы і кожны раз будзе патрэбны кворум з дзевяці членаў кангрэгацыі.

Яшчэ адно правіла датычыць кампенсацыі навуковым экспертам (іх мэта пацвердзіць, што з’яву нельга патлумачыць пры дапамозе метадаў сучаснай навукі), якім грошы цяпер можна выплочваць выключна на банкаўскі рахунак.

ЮВ, belsat.eu, паводле press.vatican.va

Стужка навінаў