Вашынгтон: Мы стварылі кааліцыю супраць іранскай агрэсіі


Галоўная пагроза міру на Блізкім Усходзе – гэта радыкальны ісламскі тэрарызм, а галоўны спонсар гэтага тэрарызму – Іран. Пра гэта на канферэнцыі, прысвечанай урэгуляванню канфліктаў на Блізкім Усходзе, заявіў віцэ-прэзідэнт ЗША. Майк Пэнс аб’явіў у Варшаве пра стварэнне кааліцыі, якая мае стрымаць дзеянні Тэгерану ў рэгіёне.

Галоўная мэта міжнароднай канферэнцыі, якая праходзіць у польскай сталіцы, доўгі час заставалася таямнічай нават для сотняў журналістаў, які сабраліся ў прэс-цэнтры варшаўскага Нацыянальнага стадыёну. І вось а 12.50 паводле мясцовага часу віцэ-прэзідэнт ЗША развеяў апошнія сумневы.

«Падчас гэтай гістарычнай канферэнцыі лідары рэгіёну пагадзіліся, што самай вялікай пагрозай міру і бяспецы на Блізкім Усходзе зʼяўляецца Ісламская рэспубліка Іран. Сорак гадоў таму мулы ўзялі ўладу ў гэтай краіне. З таго часу яны бесперапынна падтрымлівалі сваіх марыянетак – Хэзбалу і Хамас, прадавалі ракеты, падагравалі канфлікты ў Сірыі, Емене і іншых краінах. Іранскі рэжым – галоўны спонсар тэрарызму ў свеце», – паставіў кропку Майк Пэнс.

Hавiны
Блізкаўсходні саміт у Варшаве – шлях да міру ці падрыхтоўка да вайны?
2019.02.14 13:07

Тэгеран «выступае за новы Галакост» і жадае аднаўлення сваіх уплываў на колішніх абшарах Персідскай імперыі – заявіў віцэ-прэзідэнт ЗША. Акурат там – у Сірыі і Іраку – Злучаныя штаты скарачаюць сваю вайсковую прысутнасць пасля перамогі над тэрарыстамі Ісламскай дзяржавы. Каб не дапусціць адраджэння экстрэмізму, Амерыка стварае адмысловую кааліцыю – патлумачыў Майк Пэнс.

«Станьце па нашым баку, і мы станем па вашым!» – заклікаў прадстаўнік ЗША. За нежаданне стаць па амерыканскім баку Пэнс раскрытыкаваў краіны Еўразвязу.

«Два тыдні таму Нямеччына, Францыя і Вялікая Брытанія абвесцілі пра стварэнне спецыяльнага фінансавага механізму, які падмяняе нелегальныя фінансавыя пераводы паміж фірмамі з Еўразвязу і Ірану. Яны называюць гэтую схему «спецыяльным механізмам». Мы называем гэта спробай абыйсці амерыканскія санкцыі супраць іранскага забойчага рэвалюцыйнага рэжыму», – заявіў віцэ-прэзідэнт.

Памылкай і «праблемай» назваў Пэнс пагадненне, якое краіны Захаду ў 2015 годзе заключылі з Іранам, каб перадухіліць стварэнне там атамнай бомбы. На думку Белага Дому, дамова не ліквідавала ядравую пагрозу, а толькі адтэрмінавала яе.

Вашынгтон задаволены тым, што ў Варшаве ім удалося аб’яднаць нават былых праціўнікаў.

«Мы ўбачылі выключнае адзінства паміж арабскімі краінамі, Ізраілем і ЗША. Адзінства і гатовасць супрацьстаяць Ірану і яго рэгіянальнай агрэсіі», – заявіў у Варшаве Браян Хук, прадстаўнік Дзярждэпартаменту ЗША па Іране.

Браян Хук, прадстаўнік Дзярждэпартаменту ЗША па Іране

Сваіх чыноўнікаў і дыпламатаў выслалі на канферэнцыю 60 краінаў, але колькі дзяржаваў увайшлі ў антыіранскую кааліцыю – дакладна невядома. Спіс удзельнікаў з указаннем іх рангу журналістам падчас канферэнцыі так і не прадставілі. Сваіх міністраў замежных справаў выслалі ЗША, Саудаўская Аравія, Бахрэйн, Емен, Іярданія, Марока, Аман і Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. На ўзроўні прэм’ераў быў прадстаўлены Ізраіль.

Канферэнцыя ў Варшаве, прысвечаная канфліктам на Блізкім Усходзе

Ніякай супольнай дэкларацыі ўдзельнікі канферэнцыі не прадставілі. Сустрэча скончылася толькі сухім паведамленнем арганізатараў – ЗША і Польшчы са спісам працоўных групаў, якія ўдзельнікі стварылі для абмеркавання праблемаў бяспекі. Слова «Іран» у гэтым паведамленні не згадваецца ані разу.

«Іран не быў асобным прадметам абмеркавання падчас канферэнцыі, аднак падчас абмеркавання розных аспектаў бяспекі рэгіёну гэтая краіна згадвалася. Еўрапейскі звяз і Злучаныя Штаты па-рознаму глядзяць на спосабы ўздзеяння на Іран. Асабліва гэта датычыць пагаднення аб атамных распрацоўках Ірану ці спецыяльнага фінансавага механізму», – спрабаваў прыцішыць пагрозлівую рыторыку Вашынгтона міністр замежных справаў Польшчы Яцэк Чапутовіч.

Майкл Пампэёў і Яцэк Чапутовіч

А вось склад супрацьлеглай кааліцыі больш ясны. У той самы час, калі ў Варшаве праходзіла блізкаўсходняя канферэнцыя, у расейскім Сочы будучыню Сірыі пасля сыходу амерыканскіх войскаў абмяркоўвалі прэзідэнты Ірану, Расеі ды Турцыі. Наколькі шырокай і салідарна будзе антыіранская кааліцыя і што яна намерана рабіць з Тэгеранам – засталося няясным. Ясна пакуль толькі тое, што ўдзел Ірану ў войны ў Сірыі, Емене і канфлікце ў Палестыне выклікае раздражненне ўсё больш шырокага кола дзяржаваў.

Аляксандр Папко, Варшава/Belsat.eu

Стужка навінаў