Валерыя Касцюгова: Плошча-2020 непазбежная, але якой яна будзе – гэта пытанне

Ці завершыцца палітычны сезон фінальным пабоішчам, чаму ў палітыку прыйшлі новыя людзі і што рабіць 9 жніўня? Пра гэта Belsat.eu паразмаўляў з рэдактаркай сайту «Наше мнение», палітолагам Валерыяй Касцюговай.

– Шмат каго здзівілі сёлетнія даўжэзныя чэргі, у якіх беларусы цярпліва стаялі, каб аддаць подпіс за магчымага альтэрнатыўнага кандыдата на прэзідэнцтва – «абы не за Лукашэнку». Нечаканым было таксама, як пасля затрымання блогера Сяргея Ціханоўскага і банкіра Віктара Бабарыкі акцыі салідарнасці прайшлі не толькі ў Менску, але і ў невялікіх гарадах: Маладзечне, Ганцавічах, Наваградку. Адкуль гэта ўсё ўзялося?

– Для палітычных аглядальнікаў не было сакрэтам, што ў беларускім грамадстве расце палітызацыя. Ужо на парламенцкіх выбарах у 2019 г. было заўважна, што беларусы больш палітычна матываваныя, чым у папярэднія гады. Было больш незадаволенасці, раздражнення. У 2019 г. з’явілася не менш за 40 новых чалавек, якія спрабавалі браць удзел у парламенцкай кампаніі: лакальныя актывісты, праціўнікі акумулятарнага заводу з Берасця, маці з Руху 328 і г. д. Менавіта падчас парламенцкай кампаніі YouTube-канал Сяргея Ціханоўскага «Страна для жизни» нарасціў наведвальнасць недзе ў 2–2,5 разы. Тады было бачна, што людзі гатовыя актыўна ўдзельнічаць у палітыцы і нешта мяняць. Нельга казаць, што сёлетняе абуджэнне адбылося знянацку.

Валерыя Касцюгова. Фота: https://www.facebook.com/valeria.kostyugova

– Але ўсё ж такая адкрытасць беларусаў, адвага ў выражэнні сваіх крытычных думак пра ўладу робіць вялікае ўражанне.

– Тут сыгралі сваю ролю некалькі дадатковых фактараў. Найперш, нялюдская палітыка ўладаў падчас эпідэміі: адмова ад фінансавага падтрымання людзей, утойванне інфармацыі. Акрамя гэтага, усе межы навокал закрытыя, і ў краіне апынуліся недзе 400–500 тыс. людзей, якія раней не бралі ўдзелу ў палітыцы, бо яны проста працавалі за мяжой. Яны засталіся без даходаў, не могуць выехаць, а карміць сем’і нечым трэба.

«Дзе вашыя тапкі, беларусы?» У Горадні Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 15 содняў

Сваё значэнне мела і тое, што ў палітыку прыйшлі новыя людзі. Усё ж працу дзяржаўнай прапаганды нельга недаацэньваць. Шматгадовае чарненне апазіцыі ў дзяржаўных медыях не прайшло проста так. Прапаганда ўздзейнічае нават на саміх апазіцыянераў, а не тое што на звычайных грамадзянаў. Сама апазіцыя часцяком успрымае сябе як людзей, магчымасці якіх істотна абмежаваныя (што праўда, бо ім перакрываюць нармальную працу і агітацыю). Але больш істотна, што апазіцыянеры пад уплывам усяго гэтага глядзяць на сябе самых як на непаспяховых. Беларусам стала больш прыемна асацыяваць сябе з новымі людзьмі, якія не мелі паразаў у мінулым, а, наадварот, былі цалкам паспяховыя, дасягалі добрых вынікаў у сваіх сферах перад тым, як заняліся палітыкай. Згадзіцеся, такіх дзеячаў нашмат прыемней лічыць сваімі прадстаўнікамі. Гэта натхняе ў дзясяткі разоў больш.

Валер Цапкала дае прэсавую канферэнцыю пасля рэгістрацыі ініцыятыўнай групы. Фота: «Белсат»

Сваю ролю, пэўна, мелі і пратэсты недармаедаў у 2017 г., якія выбухнулі па ўсёй Беларусі і пасля якіх людзі зразумелі, што могуць паўплываць на хаду падзеяў.

І недзе з 2014-га, а дакладна з 2015 г. улады проста менш білі людзей, менш было агрэсіі з іх боку, а стаўленне было даволі «беражлівым», калі можна так сказаць, але трэба мець на ўвазе дзікія правілы нашай краіны. Гэта таксама зніжае кошт уваходу ў палітыку.

– Сяргей Ціханоўскі і Віктар Бабарыка – гэта зусім розныя тыпы людзей. Ціханоўскі – гэта блогер у паўсядзённай вопратцы і з простай мовай; Бабарыка – чалавек з вышэйшых сфераў, мецэнат і банкір. Але абодва яны, калі меркаваць паводле колькасці людзей, якія прыходзілі да іх на спатканні, сталі вельмі папулярнымі. Ніхто са старой апазіцыі, бадай, не змог бы цяпер сабраць столькі людзей. У чым галоўнае адрозненне паміж старымі і новымі апазіцыянерамі, на ваш погляд?

– Старая апазіцыя, як мне здаецца, выстаўляе зашмат патрабаванняў да сваіх прыхільнікаў і паплечнікаў. Фактычна яна пастаянна займаецца чысткай сваіх шэрагаў. Ёй падаецца, што нехта ўвесь час то няварты, то нягодны, то дрэнны… Можна быць ахвярным чалавекам, адседзець сваё за кратамі, але дастаткова аднаго памылковага кроку – і пачынаюцца нападкі на яго. Новыя людзі не выстаўляюць ніякіх патрабаванняў – толькі падтрымлівай іх ды ўсё.

Віктар Бабарыка. Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

– У Беларусі ўсе пратэсты заўсёды былі адносна кароткімі. Ці паўторацца яны яшчэ сёлета, ці ўжо згаслі пасля жорсткай зачысткі, хапуноў, затрыманняў і судоў?

– Цяпер ідуць дні цішыні перад афіцыйнай рэгістрацыяй кандыдатаў на прэзідэнцтва, то бок няма легальнай магчымасці правесці нейкі масавы сход. Інакш людзі адразу траплялі б пад дручкі. 14 ліпеня – гэта апошні тэрмін, калі Цэнтрвыбаркам мусіць выдаць кандыдатам пасведчанні. Пасля гэтага пачнецца агітацыйная кампанія, у межах якой можна будзе ладзіць пікеты. Паглядзім, што будзе далей.

– Жорсткія затрыманні ды агрэсія ўладаў нават да тых, што стаялі ў чарзе ў краму «Symbal.by», паказвае, што ўлады сапраўды нервуюцца. Але гэткая рэакцыя сведчыць і пра слабасць уладаў. Калі ў разлік бярэцца толькі сіла, то выходзіць, што іншых сродкаў неяк паўплываць на людзей не засталося.

– Улады Беларусі самі перадусім баяцца масавых выступленняў, і ім вельмі важна паказаць грамадзянам, што гэта максімальна небяспечна для іх. Пры гэтым, заўважце, Аляксандр Лукашэнка і Наталля Качанава ездзяць па Беларусі і ўгаворваюць дэмакратычных актывістаў пра адно – не выходзіць на Плошчу. Гэта можа падацца дзіўным, але ў іхнай логіцы яны гэтак перадухіляюць масавыя пратэсты і спадзяюцца праскочыць праз выбарчы сезон без фінальнага пабоішча.

Затрыманне Мікіты Анісковіча. Фота: Уладзь Грыдзін / svaboda.org

– І наколькі іхныя спадзявання рэальныя?

– Я б сказала, што Плошча непазбежная. Але тое, як яна будзе арганізаваная і колькі людзей выйдзе на яе, – гэта пакуль застаецца пад пытаннем.

– А ці магчымая Плошча без выразнага лідара?

– Прафесар сацыялогіі Андрэй Вардамацкі адзначыў на адным з нядаўніх эксперцкіх спатканняў: хто б ні стаўся апанентам Аляксандра Лукашэнкі, любы чалавек, нават Ганна Канапацкая, калі яна застанецца адзін на адзін у бюлетэні супраць Аляксандра Лукашэнкі, пераможа. Ён называў гэтую з’яву «электаральным магнітам, які блукае». Любы, каго зарэгіструюць кандыдатам, незалежна ад таго, хоча ён гэтага ці не, будзе пунктам кандэнсацыі пратэсту. Нават калі гэты чалавек захоча адседзецца дома, то існуе вялікая імавернасць, што пратэстоўцы збяруцца каля ягонага дому пад вокнамі. Чалавек, які існуе ў публічнай прасторы, у палітыцы, залежыць перадусім ад публікі, а толькі потым ад уласнай волі і планаў. Грамада таксама ў стане пакіраваць некім праз свае жаданні і чаканні.

– Калі Плошча непазбежная, то пры якіх умовах яна зможа перамагчы?

– Я думаю, улады настроеныя на традыцыйную «ненагибаемость». Безумоўна, поспех Плошчы будзе залежаць ад колькасці людзей і іхнай вынаходлівасці, крэатыўнасці, творчага падыходу. Калі ж яны раз за разам будуць ладзіць пратэсты, гэтым самым выклікаючы рэпрэсіі, то на саму Плошчу прыйдзе вельмі мала. Акрамя таго, як мне здаецца, калі ўсе збяруцца ў адным месцы, – то гэтыя пратэсты будуць вельмі лёгка здушаныя.

Сяргей Ціханоўскі ў Магілёве. Фота: «Белсат»

Не памятаю дакладна, але нехта з вопытных выбарчых назіральнікаў сказаў Сяргею Ціханоўскаму падчас стрыму, што калі б людзі пад канец дня галасавання, 9 жніўня, вярталіся б на ўчасткі і стаялі б проста пад імі, нават нічога не кажучы, і калі б іх было 50–100 чалавек, то яны б стваралі адпаведны настрой і аказвалі б псіхалагічны ціск на чальцоў камісіі, чыноўнікаў, прадстаўнікоў улады. Гэта толькі адна з ідэяў. Людзі з большым досведам, відаць, змогуць прапанаваць яшчэ нешта. Я гэта кажу да таго, што зусім неабавязкова ісці ў цэнтр гораду, стаяць усім гуртам і чакаць дручкоў АМАПу. Калі будзе шмат актыўных і гатовых да дзеянняў людзей, то, адпаведна, і варыянтаў развіцця падзеяў можа быць шмат.

Размаўляў Віктар Шукеловіч belsat.eu

Hавiны