Калісьці ў пасёлку Ацмінава Наваградскага раёну Вялікодныя святы ў мясцовых жыхароў асацыявалася перш за ўсё з радасным прыходам да гаспадароў гуртоў валачобнікаў з адмысловымі велікоднымі спевамі і віншаваннямі. Цяпер традыцыю спрабуюць адрадзіць.
Валачобнае свята да позняга сярэднявечча было наўпрост звязанае з пачаткам земляробчых працаў. У тыя часы мужчыны збіраліся разам, каб прайсціся па вёсцы ды заспяваць для гаспадароў адмысловыя валачобныя песні. Лічылася, што абрад гэты спрыяе ўрадлівасці і абараняе ад розных няшчасцяў. Гаспадары, пачуўшы валачобнікаў, адорвалі іх каўбасамі, яйкамі і хлебам.
У камуністычныя гады валачобніцкая традыцыя ў Ацмінава была паступова страчаная, але не цалкам: мясцовы энтузіяст Андрэй Кіслы паспеў назбіраць тэксты вясковых велікодных песняў. З аднадумцамі яму два гады таму ўдалося адрадзіць валачобніцкі абрад. У адноўленым валачобным гурце ёсць свой гарманіст і механоша, які збірае падзякі гаспадароў у вялізны ўпрыгожаны кошык.
Адметна, што калі валачобнікі два гады таму ізноў пачалі абыходзіць вёску, апынулася, што шматлікія яе жыхары яшчэ не забыліся на традыцыю! Некаторыя з мясцовых часам нават запрашалі за стол і кілішак.
Падабаецца абрад і дзеткам, якія часам просяць бацькоў спецыяльна прыехаць на Вялікдзень да бабулі ў Ацмінава.
Нягледзячы на тое, што сучасныя ацмінавскія валачобнікі пакуль што спяваюць толькі адну валачобную песню, а не некалькі, як іх продкі, усё ж Ацмінава пацвярджае ідэю аб тым, што мясцовая ініцыятыва можа нават без падтрымання звонку адраджаць нашую традыцыйную культуру.
Вячаслаў Радзіміч, belsat.eu