Вакульчык паабяцаў распавесці новыя дэталі «справы медычных функцыянераў»


Камітэт дзяржаўнай бяспекі паабяцаў прадставіць новыя падрабязнасці па справе аб карупцыі ў сферы аховы здароўя.

«Тое, што было, як і абяцана, прадстаўлена грамадскасці, не носіць вычарпальнага характару, інфармацыя будзе дапаўняцца, і па меры магчымасці мы будзем яе прадстаўляць», – заявіў журналістам Валерый Вакульчык.

Паводле яго слоў, разбіральніцтва па гэтай крымінальнай справе зойме досыць доўгі час – не менш за 2-3 месяцы.

Нагадаем, 25 чэрвеня Валерый Вакульчык раскрыў некаторыя дэталі маштабнай спецаперацыі для выкрыцця карупцыйнай схемы, звязанай з купляю медычнага абсталявання. У справе фігуруе больш за 50 чалавек, у тым ліку 33 чыноўніка. Сярод арыштаваных – дырэктар Цэнтру экспертыз і выпрабаванняў у ахове здароўя Аляксандр Сталяроў, дырэктар прадпрыемства «Белмедтэхніка» Аляксандр Шарак, начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гарадзенскага аблвыканкаму Андрэй Стрыжак і начальнік вайскова-медычнага ўпраўлення Міністэрства абароны Аляксей Яськоў. Падчас ператрусу ў гаражы Шарака ў тайніку было выяўлена больш за $ 620 тыс. у эквіваленце

Паводле Вакульчыка, хабары даходзілі да $ 350 тыс. за адзін раз. Незаконна атрыманыя грошы пераводзіліся на рахункі фірмаў у Ганконгу, Літве, Латвіі, Расеі і ПАР.

«Устаноўлена, што кошт і лекаў, і абсталявання завышалася на 10-60%, у асобных выпадках на 100%», – сказаў старшыня КДБ.

ІІ, belsat.eu, паводле БелТА

Стужка навінаў