Вайсковыя часткі ў Беларусі аснасцяць сістэмамі відэаназірання

Падчас прамой тэлефоннай лініі міністр абароны Андрэй Раўкоў паведаміў, што вайсковыя часткі ў Беларусі планава абсталёўваюцца сістэмамі відэаназірання. Прычым у шэрагу частак відэаназіранне ўжо ўстаноўлена.

«Там, дзе мы робім капітальны рамонт казармаў, усталёўваем гэтыя сістэмы», – адзначыў Андрэй Раўкоў.

Па такім жа прынцыпе імі будзе аснашчацца і вайсковая часць у Пячах.

Раўкоў таксама распавёў, што ў сувязі з гібеллю жаўнера тэрміновай службы Аляксандра Коржыча ўвесь афіцэрскі склад 72-га аб’яднанага навучальнага цэнтру ў Пячах пройдзе атэстацыю.

«Праверым іх прафпрыдатнасць. Па людзях, якія не пройдуць гэтыя тэсты, будуць прымацца адпаведныя рашэнні: ці пра перавод на іншыя пасады, або аб звальненні з Узброеных сілаў. Але, можа быць, кагосьці і павысіць трэба – па заслугах», – распавёў Андрэй Раўкоў.

ІІ, belsat.eu, паводле БелТА

Hавiны