Вайскоўцы могуць атрымаць пераважнае права на залічэнне ў ВНУ


Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны Леанід Касінскі распавёў у эфіры «Беларусь 1» пра прэферэнцыі, якія чакаюць вайскоўцаў тэрміновай службы.

Касінскі адзначыў, што ўказам Аляксандра Лукашэнкі № 48 замацаваныя значныя сацыяльныя гарантыі для вайскоўцаў.

«У першую чаргу, гэта ўлік тэрміну тэрміновай службы ў страхавой працоўны стаж. Другая мера – гэта замацаванне права за вайскоўцамі, якія выконваюць свой воінскі абавязак (і за чальцамі іх сем’яў), на тыя інтэрнаты, якімі яны былі забяспечаны ў адпаведнасці з працоўнымі дагаворамі перад прызывам на тэрміновую службу», – адзначыў ён.

Акрамя таго, указам замацавана права вайскоўцаў па заканчэнні службы на бясплатнае навучанне на факультэтах давузаўскай падрыхтоўкі пры паступленні і падрыхтоўцы да паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы.

Паводле Касінскага, сёлета вайскоўцы мусяць атрымаць дадатковыя ільготы.

«Урадам зацверджаны план на 2020 год. Асноўныя моманты – разглядаецца пытання аб унясенні змяненняў у заканадаўства, каб вайскоўцы тэрміновай службы мелі прыярытэтнае права пры паступленні ў вышэйшую навучальныя ўстанову пры роўных колькасцях балаў», – сказаў начальнік галоўнага ўпраўлення.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў