Вайна, каханне, вандраванне – у Беларусі выходзіць гістарычны раман пра Багуслава Радзівіла

У выдавецтве «Янушкевіч» выходзіць гістарычны раман-эпапея, які прысвечаны маладым гадам жыцця Багуслава Радзівіла – адной з самых загадкавых і супярэчлівых постацяў у гісторыі Рэчы Паспалітай XVII стагоддзя.

Чытач наведае Францыю эпохі Рышэлье і Мазарыні, Ангельскае каралеўства, уладанні іспанскіх каралеў у Нідэрландах, Свяшчэнную Рымскую імперыю германскай нацыі і, канешне, Вялікае княства Літоўскае.

Галоўны герой кнігі – гістарычная асоба, палітык і военачальнік, каханак і дуэлянт Багуслаў Радзівіл, харунжы і вялікі канюшы Вялікага Княства Літоўскага. Багуслаў Радзівіл ужо быў літаратурным героем – галоўным адмоўным персанажам рамана Генрыка Сянкевіча «Патоп», аднак новая кніга прапануе іншы погляд на гэтую асобу.

«Шчыра кажучы, я нічога не дадавала і ідэалізавала. Проста апрацавала шмат гістарычных хронікаў, сярод якіх «Аўтабіяграфія» Радзівіла, ягоная вялікая эпісталярная спадчына, успаміны ягоных слуг, сучаснікаў – сяброў і ворагаў, шматлікія даследаванні аўтарства пераважна замежных гісторыкаў. У першай кнізе Багуслаў – гэта малады, харызматычны, жыццярадасны юнак, які спазнае свет і шукае сваё месца ў ім… Але з узростам герой сталее, пад уплывам жыццёвых абставін гартуецца ягоны характар, і гэта ўсё зможа ўбачыць чытач»,распавядае аўтарка – украінская пісьменніца Ірына Данеўская.

Творца кажа, што Радзівіл натхніў яе дзякуючы асабістым рысам – смеласці, прыгажосці, талентам, гэтак і здольнасці аб’ядноўваць у сабе супярэчлівыя рысы – ён быў пратэстантам, але падтрымліваў праваслаўных, быў еўрапейцам па культуры, але хаўруснічаў з казакамі.

Заснаванне Багуславам Радзівілам у 1643 годзе паселішча Багуслаў Поле (пазней Жодзіна Слабада, Жодзін) у наш час на афіцыйным узроўні лічыцца пачаткам гісторыі места Жодзіна.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Hавiны