Ваенны эксперт распавёў, што стане з беларускім войскам пасля закону «аб адтэрміноўках»


24 ліпеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон аб адтэрміноўках ад войска. Ягоныя наступствы вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін аналізуе ў размове з «Белсатам».

Таццяна Уласенка: Наколькі імаверна, што Мінабароны гэтым законам спрабуе вырашыць праблему адсутнасці вайсковых кадраў – і ці атрымаецца ў іх гэта зрабіць?

Аляксандр Алесін: Мяркую, аднаго закону не хопіць. Нават тыя, каго пазбавяць адтэрміновак, не змогуць папоўніць той дэфіцыт у прызыўным кантынгенце, які ўтвараўся ў нас цягам апошніх некалькіх гадоў. Гэта і дэмаграфія, зніжэнне нараджальнасці, і стан здароўя і, галоўнае, устаноўка моладзі – не служыць, жаданне ўхіліцца ад службы. Гэта [гэты закон] – адзін з захадаў – і пры тым, не галоўны. Думаю, будуць і іншыя захады па павелічэнні прызыўнога кантынгенту.

Якой рэакцыі чакаць ад студэнтаў? Ці не будуць яны яшчэ болей ухіляцца ад войска?

Такую рэакцыю, у прынцыпе, можна прагназаваць. Іншая справа – ці атрымаецца ў іх. Даволі жорсткімі становяцца меры пакарання абмежаванні выезду за мяжу. Апроч таго, нельга будзе займаць некаторыя пасады. Фактычна, гэта моцнае абмежаванне грамадзянскіх правоў для тых, хто не аддаў свой доўг Радзіме.

Вядома, заўсёды будуць самыя адчайныя і смелыя, якія захочуць выехаць у сумежныя дзяржавы – Расею (хоць у нас існуе з імі дагавор аб прававой дапамозе, пры жаданні іх адтуль можна будзе дастаць), Украіну (яшчэ складаней), краіны Балтыі.

Таксама мы можам чакаць усплёск з’яўлення «ліпавых» даведак аб стане здароўя.

Прызыўны рэсурс

Дык у чыіх інтарэсах будзе служыць новы закон?

Для чаго людзей заклікаюць на тэрміновую службу? Не для таго, каб яны траву фарбавалі: яны павінныя атрымаць там ваенную спецыяльнасць і пайсці ў запас. Каб у выпадку ўзнікнення пагрозы агрэсіі яны маглі прыйсці і без навучання ўзяць зброю і ваяваць. Чым больш гэты прызыўны кантынгент, тым большыя нашыя магчымасці да абароны.

Таксама тут ёсць момант, які дазваляе Аляксандру Лукашэнку не згаджацца на ваенныя базы на нашай тэрыторыі.

У сваім гандлі з Расеяй Аляксандр Лукашэнка выкарыстоўвае аргумент нашай ваеннай моцы. Ён кажа: «Вось у нас ёсць ваенная моц – і каб яна не памяншалася, аказвайце нам эканамічную дапамогу і давайце льготныя прэферэнцыі». Калі гэтага козыра не будзе, Расея скажа: «Тады мы размесцім на вашай тэрыторыі нашыя ваенныя базы».

За працу над прызыўным кантынгентам трэба было брацца раней.

І выхаванне моладзі, і дапрызыўная падрыхтоўка і мноства ўсялякіх іншых мер, каб маладыя людзі не бачылі нічога страшнага ў ваеннай службе. І самае галоўнае – змена характару, сутнасці і самога зместу ваеннай службы – каб людзі займаліся там толькі атрыманнем ваеннай прафесіі, а не справамі, неўласцівымі вайскоўцам.

Да чаго прывядзе гэты закон?

Ўзнікне сур’ёзная незадаволенасць і сярод саміх прызыўнікоў, і сярод іх бацькоў. Зразумелая справа, што шчырай любові да Радзімы, якая прымушае іх сілком ісці ў войска, у гэтых людзей не будзе. Яны будуць думаць толькі пра тое, як адбыць нумар. Не будзе беражлівых адносін да вайсковай маёмасці, баявой тэхнікі, узбраення і гэтак далей. Не будзе жадання авалодаць вайсковай спецыяльнасцю да саміх глыбіняў.

Будзе расці колькасць ахвотных «адкасіць» і гэткіх негатыўных момантаў, як карупцыя і эміграцыя, звязаная з нежаданнем служыць у войску.

Трэба дадаць, што гэты закон, як і ўсе іншыя, не мае зваротнай моцы.

Кіраўнік краіны аб’явіў аб новым прызыве яшчэ да таго [да падпісання закону], таму восеньскі прызыў будзе праводзіцца паводле старога заканадаўства, то бок, будуць дзейнічаць усе адтэрміноўкі, якія дзейнічалі да ўвядзення паправак.

У адпаведнасці з новым законам на службу будуць заклікацца прызыўнікі ў траўні наступнага году.

Размаўляла Таццяна Уласенка

Стужка навінаў