Узяць сабе магілу. Валанцёры прапаноўваюць па-новаму даглядаць Вайсковыя могілкі


Летась валанцёрам, грамадскасці ды пракуратуры ўдалося спыніць знішчэнне (ці «добраўпарадкаванне») Вайсковых могілак у Менску. Аднак калі хваля ўвагі сцішылася, на помніках зноў з’явіліся пазнакі Спецкамбінату – як знак таго, што на іх месцы могуць паўстаць новыя, уніфікаваныя надмагільныя пліты.

Так маркіруюць магілы, якія плануюць знесці.
Фота: Ірына Арахоўская / belsat.eu

Пляма фарбай – прысуд пад знос

Ідэя такая: кожны неабыякавы беларус можа выбраць сабе помнік на Вайсковых могілках, які ён ці яна хацелі б даглядаць. Каб узяць апеку над магілаю, варта наўпрост звярнуцца да валанцёраў. Яны распавядуць, дзе які дзеяч пахаваны, а новы валанцёр ужо вызначыцца, хто бліжэйшы да сэрца. Гэтак, Алена Масла з сям’ёй будуць клапаціцца пра пахаванне вайскоўца Фёдара Вайткевіча і дзве братэрскія магілы дзяцей.

Магіла дзяцей Пятруша. На месцы гэтай братэрскай дзіцячай магілы царква хацела зрабіць паркоўку.
Фота: Ірына Арахоўская / belsat.eu

Літаратурны Музей Петруся Броўкі будзе даглядаць пахаванні Рыдзеўскіх і паэта Алеся Гурла. Саюз кампазітараў Беларусі ўзяў пад сваю апеку пахаванні ўсіх кампазітараў і музыказнаўцаў.

Прадстаўнікі Спецкамбінату кажуць, што звяртаюць увагу толькі на відавочна занядбаныя пахаванні, але відавочнасць для ўсіх розная. Гэтак, у нябыт мог адысці помнік Яўгеніі Аляксандраўне Ватацы. На ім ужо мазанулі пазнаку.

Валанцёрка, экскурсаводка і літаратуразнаўца Ганна Севярынец распавядае пра помнік ажно 19-га стагоддзя. Апекавацца гэтым пахаваннем узялася пісьменніца Надзея Ясмінска.

Сумная іронія ў тым, што сям’я Ватацы фундавала тую самую царкву, якая цяпер хоча замест могілак займець парк, бо з-за крыжоў сюды не ходзяць вянчацца (а гэта, дарэчы, добры прыбытак для такіх установаў).

Царква Аляксандра Неўскага.
Фота: Ірына Арахоўская / belsat.eu

Часам выбітных людзей знаходзяць амаль выпадкова

Ганна Севярынец распавядае, што калі аматары толькі пачалі клапаціцца пра могілкі, да іх прыходзілі прыхаджане лаяліся, праганялі. Сёлета ўжо цішэй.

Захоўваць могілкі максімальна не «добраўпарадкаванымі» важна і таму, што яшчэ не ўсе пахаванні выяўленыя і даследаваныя. Часам выбітных людзей знаходзяць амаль выпадкова.

«Я вяла экскурсію па Вайсковых, калі ўжо ахова пачалася. Праходзілі па сцежцы, і малы мой тут круціўся, залез і бегае па кветніку пахавання. Было разбітае такое, пазначанае пад знос. Гляджу, а гэта Пётр Макавееў! Ого, будзем знаёмыя, Пётр Мефодзевіч!» – распавядае нашая экскурсаводка.

Магіла, за якой даглядаюць валантэры.
Фота: Ірына Арахоўская / belsat.eu

«Гэта ж настаўнік Дудара, які заўважыў талент, падтрымаў Алеся, і той пайшоў у літаратуру. Макавееў – адзіны, каго згадаў Дудар у сваёй біяграфіі. Там біяграфія маленькая, на старонку. А во, узгадаў. Такі быў удзячны вучань», – падкрэсліла Ганна Севярынец, якая даглядае пахаванне Макавеева.

Але ж багата пахаванняў яшчэ чакаюць добрых рук неабыякавых людзей. «Быў паэт Міхась Багун (Блошкін сапраўднае прозвішча) – такі цікавы хлопец, імпрэсіяніст з уласным стылем. Яго мала ведаюць, бо не лез нікуды, ні ў якія дыскусіі. Пісаў сабе вершы. А ў 1937-м яго па агульнай справе не расстралялі, а адправілі ў Сібір, і на шляху ў лагер ён памёр», – аднаўляе трагедыю сям’і Ганна Севярынец.

Магіла Фёдара Сазонавіча Блошкіна.
Фота: Ірына Арахоўская / belsat.eu

«У Менску ў яго застаўся бацька. І ён загадаў, каб на ягоным пахаванні абавязкова ўзгадалі Міхася. Бо дзе пахаваны яго сын, і ці пахаваны ўвогуле, невядома. Можа, недзе там у Сібіры кінулі памерлага ў яму. А гэта былі 1950-я гады, яшчэ нельга было згадваць паэтаў, але бацька так загадаў, каб хоць дзе-небудзь застаўся хоць радочак ягонага сына. Вось такое сімвалічнае пахаванне».

Ледзь паспелі ўратаваць ад знішчэння агароджу на пахаванні Максіма Выдрына, заснавальніка і кіраўніка першай у Беларусі кафедры акушэрства і гінекалогіі.

Максім Львовіч Выдрын.
Фота: Ірына Арахоўская / belsat.eu

«Гэты акушэр сваймі рукамі палову Менску прыняў у свой час. Агароджу ўжо пілавалі. Яна такая цяжкая, чыгунная. Пэўна, на металалом хацелі здаць. То мы вырашылі гэты распіл пакінуць», – паказвае новы памятны знак Ганна Севярынец.

Фота: Ірына Арахоўская / belsat.eu

Пахаванняў, да якіх няма каму прыходзіць, тут багата. Актывісты самі даглядзець усе не могуць фізічна, таму і прыдумалі прапанаваць менчукам такі патранат.

Валантэрка чысціць могілкі.
Фота: Ірына Арахоўская / belsat.eu

Марыя Грыц, фота Ірына Арахоўская belsat.eu

Стужка навінаў