«Ужо сам не ведаю, дзе свіння, а дзе чалавек». Мастак Алесь Сураў зрабіў выставу-карыкатуру на беларускае грамадства

«#Украінесала» – гэтак гарадзенскі мастак назваў сваю новую перадсвяточную выставу, якая забяспечвае гледачам чарговую порцыю гумару Алеся Сурава.

«Недзе з лета я ўсё думаў, што прыходзіць год вепрука, а ў мяне столькі розных сюжэтаў у галаве са свіннямі звязаныя. І чым далей я ў гэтую тэму паглыбляўся, тым болей мне самому ставалася страшна. Бо я спачатку маляваў свіней, потым свіней і людзей, потым людзей у выглядзе свіней. А потым зразумеў, што ўжо не ведаю, хто ёсць хто ў нашым грамадстве. Чалавек можа быць добрым грамадзянінам, сем’янінам, а прыходзіць на працу і становіцца свіннёй. І наадварот. А хакеісты нашыя? Набудавалі столькі палацаў, накупілі столькі розных замежных хакеістаў, а яны нічога не выйграюць. Ну, не свінні, га?» – кажа Алесь Сураў.

Алесь Сураў

Апроч таго, мастак зазначыў, што вельмі не хацеў бы аддаваць брэнд «сала» суседзям-украінцам.

«Гэта наш брэнд. Мы заўсёды гэтае сала ціха рабілі, ціха расцілі свіней, ціха рэзалі ды ціха жэрлі. І я зразумеў, што гэты брэнд нельга аддаваць. Свінні. Чаму не? У нас кажуць: кепскі чалавек – свіння. А яшчэ ёсць жарт. Што такое двое беларусаў? Партызанскі атрад са здрайцам! Адзін як мінімум свіння», – жартуе мастак.

Выставу «#Украінесала» можна паглядзець у Цэнтры гарадскога жыцця ў Горадні на вул. Кірава 3.

ПВ, фота Васіль Малчанаў, belsat.eu

Выставу «У Краіне Сала» зладзілі ў Горадні

Hавiны