Ўу-хань праз 40 дзён каранціну. Фотаздымкі

Жыхар аднаго са спальных мікрараёнаў Ўу-хані нясе дадому пакупкі, дастаўленыя валанцёрамі. 28 лютага 2020 года. Фота – Reuters / Forum

Першай у найноўшай гісторыі блакадзе цэлага мегаполісу сёння споўнілася 40 дзён. Для перадухілення распаўсюду інфекцыі кітайскі ўрад 23 студзеня закрыў горад для ўезду і выезду: туды нельга патрапіць ні цягніком, ні самалётам, ні аўтам. Як цяпер выглядае штодзённае жыццё ў 11-мільённым горадзе – глядзіце ў падборцы фатографаў «Reuters».

Кітайскія ўлады спачатку адрэзалі Ўу-хань ад рэшты краіны, а нядаўна ізалявалі мікрараёны гораду адзін ад другога.

Мужчына ў масцы каля барыкадаў, якія раздзяляюць мікрараёны Ўу-хані. 28 лютага 2020 года. Фота – Reuters / Forum
Жыхар Ўу-хані. 28 лютага 2020 года. Фота – Reuters / Forum
Адна з вуліц сусветнага эпіцэнтру ўспышкі каронавірусу. 28 лютага 2020 года. Фота – Reuters / Forum

Пазбаўленыя магчымасці нармальна перасоўваюцца па горадзе, ўу-ханцы набываюць харчы з дастаўкаю дахаты.

Кур’ер спраўджвае тэлефон на адной з вуліц Ўу-хані. 28 лютага 2020 года. Фота – Reuters / Forum

Многія супермаркеты, якія праз каронавірус баяцца наймаць на працу новых людзей і не даюць рады выканаць усе замовы, перайшлі на дастаўку ежы толькі оптам. З мэтай перадухілення распаўсюду хваробы адміністрацыя некаторых раёнаў забараняе супермаркетам дастаўляць індывідуальныя замовы.

Працаўнікі супермаркету загружаюць пакеты з харчамі, якія адправяцца ў адзін з мікрараёнаў Ўу-хані. 1 сакавіка 2020 года. Фота – China Daily / Reuters / Forum

Суседзі каардынуюць пакупкі праз інтэрнэт-камунікатары. Многія вымушаныя набываць не тое, што хочуць, а ўжо загадзя падрыхтаваныя наборы ежы. Гэтак, 6,5-кілаграмовы пакет з пяццю відамі гародніны, уключаючы бульбу і капусту, каштуе каля $ 7.

Фота – Cheng Min / Zuma Press / Forum

Жыхары, якія вымушаныя набываюць адразу мноства ежы, прызнаюцца журналістам, што часам не паспяваюць яе з’ядаць і мусяць выкідаць сапсаваныя харчы.

Валанцёры пільнуюць уваход у жылым будынку аднаго з мікрараёнаў Ўу-хані. Фота – Reuters / Forum
Валанцёр (у блакітным) дастаўляе ежу ў адзін з раёнаў Ўу-хані. Фота – Reuters / Forum
Жанчына ў абаронным строі едзе на гарадскім ровары. Ўу-хань, Кітай. Фота – Reuters / Forum

Добра вядомая ў Кітаі пісьменніца Фанг Фанг, якая жыве ўва Ўу-хані, адразу пасля блакады распачала весці дзённік пра тое, як выглядае цяпер штодзённасць ува Ўу-хані.

Фанг Фанг апублікавала больш за 80 раманаў і эсэ. Яе творы перакладзеныя на ангельскую, французскую, японскую, італьянскую, партугальскую і карэйскую мовы. Фота – www.china.org.cn
Спартовы стадыён, які часова стаў больніцай для хворых на каронавірус. 1 сакавіка 2020 года. Фота –China Daily / Reuters / Forum
Медычны персанал раздае ежу пацыентам шпіталю, размешчанага на тэрыторыі спартовага стадыёну. Фота –China Daily / Reuters / Forum
Лекар размаўляе з пацыенткай на адным са спартовых стадыёнаў Ўу-хані, які стаў часовым шпіталем. 27 лютага 2020 года. Фота – China Daily / Reuters / Forum

Колькасць чытачоў Фанг на платформе «Weibo» дасягала каля 3,8 млн чалавек. Пасля смерці лекара, які папярэджваў аб каронавірусе, кітайскія ўлады заблакавалі яе акаўнт. Фанг распачала весці новы. Яго зноў заблакавалі.

«Мы ўсе зачыненыя ў нашых дамах, але да таго моманту, пакуль мы не заразіліся, усё ў парадку. Аднак для пацыентаў, якія звяртаюцца ў больніцы, гэта вельмі жорстка. Я глядзела відэазапісы медыкаў і пацыентаў, якія падхапілі хваробу. Я ніколі не адчувала такога смутку і бездапаможнасці ў сваім жыцці», – пісала Фанг Фанг 29 студзеня.

Жыхары Ўу-хані ў масках. 28 лютага 2020 года. Фота – Reuters / Forum

Новыя допісы пісьменніцы ўлады выдаляюць практычна імгненна, прачытаць іх удаецца дзякуючы перапостам – допісамі Фанг на сваіх старонках дзеляцца мільёны людзей, мноства людзей дасылае ёй для публікацыі для свае асабістыя гісторыі.

83-гадовы пацыент, які вылечыўся, пакідае шпіталь. 2 сакавіка 2020 года. Фота – Xiao Yijiu / Zuma Press / Forum
Працаўнік камунальнае службы дэзынфекуе вуліцу ўва Ўу-хані. 28 лютага 2020 года. Фота – Reuters / Forum
Паліцэйскае аўта каля аб’явы, якая рэкамендуе людзям заставацца ўдома. 28 лютага 2020 года. Фота – Reuters / Forum

«Усё, што мне заставалася рабіць – запісваць, што адбываецца навокал мяне, а таксама мае пачуцці пасля прачытання столькіх няшчасных гісторыяў. Калі я і гэтага не магу рабіць, то ў нашага грамадства – вялікія праблемы», – распавяла Фанг у размове з «Independent».

Фота – Reuters / Forum
З 1958 года ўва Ўу-Хані быў утвораны інстытут вірусалогіі, пры якім у 2017-м адкрылася Нацыянальныя лабараторыя біялагічнай бяспекі, дзе вяліся працы па даследаванні небяспечных вірусаў – напрыклад, Эбола.
Медыкі рыхтуюць прэпараты традыцыйнай кітайскай медыцыны для пацыентаў, у якіх знайшлі каронавірус. 2 сакавіка 2020 года. Фота – China Daily / Reuters / Forum

У Кітаі ад каронавірусу памерла ўжо каля трох тысячаў чалавек. Усяго ў свеце вірусам «Ковід-19» заразіліся больш за 90 тысячаў чалавек, 48 тысяч чалавек ужо вылечыліся.

Медычны персанал аднаго са шпіталяў развітваецца з пацыентам, якога вылечылі ад каронавірусу. 1 сакавіка 2020 года. Фота – China Daily / Reuters / Forum

Па-за Кітаем найбольшая колькасць захварэлых – у Паўднёвай Карэі, Італіі ды Іране.

ДД belsat.eu

Hавiны