Усё, што трэба ведаць пра гучную «справу БелТА», – за 5 пытанняў і адказаў


Суд Заводскога раёну Менску 4 сакавіка пакараў галоўную рэдактарку TUT.BY Марыну Золатаву штрафам Br 7650 рублёў (300 базавых велічыняў) і яшчэ Br 6000 спагнаў на судовыя выдаткі пазоўнікаў. Гэтак скончылася адна з найбольш рэзанансных справаў апошніх гадоў – «справа БелТА». Праз пытанні ды адказы тлумачым яе найважнейшыя моманты.

Як усё пачыналася?

Справа была распачатая 7 жніўня 2018 года паводле ч. 2 арт. 349 КК Беларусі – «несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі». Агулам 7-9 жніўня сілавікі затрымалі 18 журналістаў. Дзесяць з іх адпусцілі адразу пасля допытаў, 8 – узялі пад варту на некалькі содняў. Паралельна адбыліся ператрусы ў рэдакцыях TUT.by, БелаПАН, Realt.by, дзяржаўнай газеты «Культура і Навука», а таксама кампаніі «АйТиВи». Пра які-кольвек ціск на прадстаўнікоў двух апошніх нічога не вядома.

Паводле СК, цягам 2017-2018 гг. падазраваныя больш за 15 тысяч разоў нібыта незаконна карысталіся платнай падпіскай на стужку навінаў дзяржаўнага агенцтва БелТА, у выніку чаго выданню «была нанесена істотная шкода». Падставай для распачынання крымінальнай справы стала заява ў міліцыю дырэктаркі БелТА Ірыны Акуловіч – яна звярнулася туды пасля таго, як некалькі платных падпісчыкаў паскардзіліся на збоі пры аўтарызацыі.

Што адбылося з фігурантамі?

Журналістка БелаПАН Таццяна Каравянкова і рэдактаркі TUT.by Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Ганна Ермачонак і Галіна Уласік правялі за кратамі 2 содняў і былі вызваленыя 9 жніўня. Таксама 9 жніўня выйшаў на свабоду рэдактар сайта газеты «Белорусы и рынок» Аляксей Жукаў, якога затрымалі 8 жніўня. Галоўную рэдактарку БелаПАН Ірыну Леўшыну і карэспандэнта Deutsche Welle у Беларусі Паўлюка Быкоўскага вызвалілі 10 жніўня. Пры гэтым Золатавай перакваліфікавалі абвінавачванне з ч. 2 арт. 349 КК Беларусі на ч.2 арт. 425 КК («Бяздзейнасць службовай асобы»).

Усяго абвінавачванне выставілі 15 асобам, 14 з іх справу перакваліфікавалі на адміністрацыйную і прымусілі сплаціць грашовую кампенсацыю. Цягам восені справы супраць іх былі спыненыя і на лаве падсудных апынулася толькі Марына Золатава.

Праваабаронцы ўсталі на бок журналістаў, назваўшы справу палітычна матываванаю. Таксама журналістаў падтрымалі прадстаўнікі Еўразвязу, ЗША, Рады Еўропы і шэрагу міжнародных арганізацыяў.

Як паводзіла сябе ўлада?

Шэраг журналістаў, якіх выклікалі на допыты ў якасці сведкаў па «справе БелТА», заявілі пра ціск з боку следчых і прымусы агаварыць Золатаву. Рэдактар ​​парталу Realt.by Уладзіслаў Кулецкі ў судзе адмовіўся ад часткі паказанняў, дадзеных на папярэднім следстве і сказаў, што яны фактычна былі сфальсіфікаваныя СК. Тым часам журналіст TUT.BY Дзмітрый Бобрык распавёў, што яму паступалі наўпроставыя пагрозы ад следчых, якія намагаліся яго завербаваць, але беспаспяхова. Паводле Бобрыка, яму таксама пагражалі раскрыць дэталі ягонага асабістага жыцця.

Hавiны
Ці СК меў права змушаць журналіста да супрацы? Тлумачыць эксперт
2018.09.26 13:47

Яшчэ ў жніўні ў эфіры дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь-1» паказалі матэрыялы праслухоўвання тэлефонных размоваў Золатавай з калегамі. А ў газеце Адміністрацыі прэзідэнта «СБ – Беларусь сегодня» выйшла некалькі зняважлівых артыкулаў у адрас фігурантаў рэзананснай справы і ўвогуле незалежных СМІ. Аўтарам большасці з іх з’яўляецца былы гулец КВЗ, а цяпер – калумніст «СБ» Андрэй Мукавозчык.

Кіраўнік СК Іван Наскевіч параўнаў «справу БелТА» з «выдаленнем апендыцыту». У кастрычніку прадстаўніца СК Галіна Суздалева, выступаючы на пасяджэнні Камітэту па правах чалавека ААН у Жэневе, назвала дзеянні фігурантаў справы «банальным хакерствам». Праўда, журналісты не разгубіліся і зрабілі сабе цішоткі з надпісам «банальны хакер».

Аляксандр Лукашэнка «справу БелТА» афіцыйна не каментаваў.

Як ішоў суд над Золатавай?

12 лютага справу пачаў разглядаць суд Завадскога раёну Менску, але ў памяшканні суду Маскоўскага раёну. Вялікая зала ў першы дзень і на абвяшчэнні прысуду была запоўненая цалкам – прыйшло больш за сотню чалавек, сярод якіх калегі Золатавай, праваабаронцы, палітыкі, прадстаўнікі Беларускай асацыяцыі журналістаў. Працэс вёў суддзя Аляксандр Петраш.

Паводле пракурора Юліі Харчэйкінай, з 4 студзеня 2017 года па 23 ліпеня 2018 года Золатава «наўмысна, з асабістай зацікаўленасці» не выконвала свае службовыя абавязкі, чым «дапускала злачынства». Яна нібыта не перашкодзіла «неправамерным выкарыстанням лагіна і пароля» да платнай падпіскі БелТА сваймі падначаленымі. Лагіны і паролі, як сцвярджаецца, належалі выданням «Рэспубліка», «Беларусь Сегодня» і ЗАТ «БелКП -ПРЕСС».

Шкода, нібыта нанесеная БелТА, склала 52 320 рублёў, а таксама былі «падарваны аўтарытэт і дзелавая рэпутацыя». Шкода «СБ. Беларусь сегодня» ацэньваецца ў 18 172 рублі. Гендырэктарка БелТА Ірына Акуловіч заявіла на судзе, што настойвае на прыцягненні Золатавай да крымінальнай адказнасці, нягледзячы на тое, што матэрыяльная шкода была цалкам кампенсаваная журналістамі.

Са сведчанняў у судзе працаўнікоў БелТА і «СБ» грамадскасць даведалася: паролі ў некаторых падпісантаў стужкі БелТА не змяняліся з пачатку 2000-х гадоў, а перадаваліся яны асабіста на паперцы або па факсе. Гэткія метады сталі мэмам і выклікалі хвалю жартаў у сацыяльных сетках.

Hавiны
«Дно бяздоннае». Як сацыяльныя сеткі рэагуюць на суд над Марынаю Золатавай
2019.02.13 12:06

Абвінавачаная сваю віну не прызнала. У апошнім слове яна сказала:

«Я не згодная, што я была абавязаная забяспечыць заключэнне дамовы аб доступе да платнай падпіскі БелТА».

Дзяржаўны абвінаваўца Юлія Харчэйкіна запатрабавала пакараць Золатаву штрафам у 1 тысячу базавых велічыняў, то бок 25 500 рублёў. Аднак суддзя пастанавіў спагнаць з Золатавай 7 650 рублёў штрафу, 6 тысяч рублёў кампенсацыі судовых выдаткаў пазоўнікаў і пакінуць падпіску аб нявыездзе да ўступлення выраку ў сілу праз 10 дзён. Акрамя таго, у следства застаецца жорсткі дыск, выняты з камп’ютару Золатавай.

Што далей?

Золатава спадзяецца: прысуд не паўплывае на далейшую працу TUT.BY. Яна пацвердзіла, што застаецца галоўным рэдактарам. Суд не забараняў ёй займаць пасаду.

Што датычыць апеляцыі, пакуль яна не гатовая сказаць, ці мае намер абскарджваць прысуд.

«Добра, што суддзя зрабіў прысуд больш мяккім, чым прасіў пракурор. Я канешне не спадзявалася, што будзе апраўдальны прысуд, у мяне не было такой надзеі. Ну, у прынцыпе, добра, што лепей, чым папрасіла пракурор. Наконт абскарджання я пакуль не вырашыла – я яшчэ падумаю. Таму што ў нас у краіне 0,2 % апраўдальных прысудаў – таму навошта марнаваць час?», – сказала Золатава.

Заснавальнік TUT.BY Юры Зісер у каментары «Радыё Свабода» адзначыў:

«Цалкам зразумела ўсім, што Марына не вінаватая. Але ўлічваючы мэты, якія ставілі перад сабой заказчыкі гэтай справы і спецыфіку нашага правасуддзя, гэта яшчэ мяккі прысуд і я лічу яго перамогай. А ўжо што будзе рабіць Марына, абскарджваць ці не, не ведаю. Я думаю, ёй і ўсім усё гэта ўжо надакучыла».

Галоўны рэдактар «СБ» Дзмітрый Жук заявіў, што «задаволены» прысудам Золатавай.

ВІДЭА
Канец «справы БелТА»: суд пакараў Марыну Золатаву штрафам у 7 650 рублёў
2019.03.04 09:40

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў