«Усім пляваць». Чаму беларусы ідуць на самаізаляцыю падчас эпідэміі каронавіруса?

Межы закрываюцца, ледзьве не ўся Еўропа пераходзіць на каранцін. У Беларусі пакуль што без зменаў. Але некаторыя беларусы пастанавілі, не чакаючы падказак зверху, самаізалявацца. Аб прычынах гэтага кроку яны распавялі «Белсату».

Сяргей Усцінаў: «Дзяржава ўсё будзе хаваць да апошняга»

Мой апошні выхад у свет быў 28 лютага. Пасля я прыхварэў і вырашыў нікуды не выходзіць. Памяняў грошы і закупіў прадукты на доўгі тэрмін. Справа ў тым, што ў мяне няма аднаго лёгкага. Таму любая хвароба вельмі моцна на мне адбіваецца: часта хварэю ўзімку, па 2-3 тыдні. Праз гэта я знаходжуся ў групе рызыкі, таму і вырашыў перасядзець у хаце. Бо ведаю сваё здароўе, і як наша дзяржава ўмее ўсё хаваць.

Сяргей Усцінаў. Фота: уласны архіў

Ужо тады, 28 лютага, я анідзе не здолеў купіць марлевую маску. Прышлося паехаць у будаўнічую краму і закупіцца там абараняючымі маскамі. Тады ж купіў бакалею, хлеб я пяку сам, маю хатнюю гаспадарку – мяса ды яйкі адтуль.

Фота: уласны архіў

Я жыву пад Менскам, таму мне меней агулам трэба выходзіць з хаты. Максімум – прагуляцца ў лес. Мая партнёрка выязджае ў горад толькі каб папрацаваць у офісе. Адмовілася ад усіх сустрэчаў, праўда, давала інтэрв’ю ў павязцы.

Фота: уласны архіў

Я працую ў праваабарончай арганізацыі «Прававая ініцыятыва» і зараз перайшоў на працу на адлегласці. Не бачу ў гэтым праблемы. Я не маю моцнай патрэбы ў соцыуме, таму ўсе офісныя прафесіі перавёў бы на адлеглую працу.

Я не разумею, чаму людзі не пякуцца аб сваім здароўі. Пасля таго, як у мяне выдалілі лёгкае, для мяне гэта найважнейшае. Бо не пытанне здохнуць, пытанне як.

Ведаючы нашую ўладу, я ўпэўнены: дзяржава будзе хаваць да апошняга. Лукашэнка заўсёды хоча, каб усе працавалі. Я не разумею, як можна эканоміць на здароўі нацыі? То-бок, грошы міліцыянтам мы можам даваць, а на ахову здароўя не вылучаем.

Фота: уласны архіў

Юлія Станкевіч: «Ніхто не скажа пра самаізаляцыю: «Ваў, крута!»

Апошнія два тыдні я працавала на міжнародных трэнінгах у Францыі і Украіне. Нягледзячы на тое, што гэтыя краіны не ўнесеныя ў спіс рызыкі Мінздароўя, я вырашыла, што варта ўстрымацца ад сацыяльных кантактаў. Яшчэ тады мы разам з маймі калегамі абмеркавалі самаізаляцыю і вырашылі, што так будзе лепей.

Я вярнулася ў Беларусь увечары ў нядзелю, і з таго моманту вырашыла не выходзіць з хаты нікуды, апроч крамы. У мяне былі некаторыя запасы ежы, на апошняй закупцы брала свой звычайны набор прадуктаў.

Юлія Станкевіч. Фота: уласны архіў

Я працую трэнеркай нефармальнай адукацыі з беларускімі некамерцыйнымі арганізацыямі, а таксама ў міжнародных праектах, пераважна Еўрапейскага звязу. Таму праца на адлегласці, скайп-колы, онлайн-навучанне мне даўно знаёмыя. Нейкая дзейнасць сышла ў онлайн, а тое, што немагчыма было правесці праз інтэрнэт, напрыклад, шматдзённыя трэнінгі, перанеслі на нявызначаны тэрмін. А менавіта яны і складаюць асноўную частку майго даходу.

У гэтыя першыя дні самаізаляцыі я маю шмат працы. Але хутка яны скончыцца, і тады будзе ўжо больш складана. Думаю, што буду планаваць новыя праекты, да якіх раней не даходзілі рукі.

Але больш за ўсё мяне палохае сацыяльная ізаляцыя. Не ведаю, як я здолею столькі выседзець у хаце. Сяброў да сябе я таксама не запрашаю – гэта частка плану. Стасуемся праз відэа-мэсэнджары. Купіла кнігі, пачала глядзець новы серыял. Я часта фарбавала сваіх сяброў хной, а на сябе ўсё часу не хапала. Займуся гэтым у гэтыя два тыдні.

Як не звар’яцець падчас самаізаляцыі ў каранціне? Парады псіхолага

Маё асяроддзе па-рознаму адрэагавала на маё рашэнне. Шмат маіх еўрапейскіх знаёмых зараз на вымушаным каранціне. Дзякуючы ім я разумею, наколькі сурʼёзная сітуацыя з COVID-19. Беларускія калегі таксама падтрымліваюць – пераходзяць на працу на адлегласці. Бацькі зразумелі, бо маё рашэнне ў тым ліку і клопат пра іхнае здароўе.

Пра самаізаляцыю не скажуць «Ваў, гэта так крута!». Каб выседзець 2 тыдні ў чатырох сценах, мая пазіцыя павінна быць моцнай. Але насмешкі ў інтэрнэце робяць самаізаляцыю больш складанай.

Людзі могуць намагацца заглушыць свой страх праз жарты. Але сітуацыя не толькі пра ахову здароўя, яна ўскрывае сацыяльную няроўнасць, цягне эканомікі на дно. Пандэмія – не толькі пра эмпатыю і гуманізм. Гэта пра тое, як функцыянуе эканоміка: у якім становішчы апынуліся самазанятыя людзі, які ў нас доступ да лекаў. Некаторым жа прыходзіцца хадзіць на працу, нават калі яны хацелі б быць на каранціне.

Каронавірус ў свеце і Беларусі. Галоўнае

Дар’я Казусік: «Такое адчуванне, што ў Беларусі ўсім пляваць».

У кампаніі нас перавялі на адлеглую працу яшчэ 10-га сакавіка. У пятніцу 13-га сакавіка я вырашыла з’ездзіць у Варшаву, але і тое па ўсіх правілах: на цягнік прыехала на таксі, у Варшаве да гасцёў дабіралася на машыне.

Менавіта там, у Польшчы, я зразумела, наколькі сітуацыя з эпідэміяй сурʼёзная. Я планавала вярнуцца ў Беларусь у нядзелю, але ўвечары пятніцы абвясцілі аб закрыцці межаў. Я ледзь паспела ў суботу вярнуцца дадому на апошнім цягніку. З таго часу я не выходжу з хаты. Выключэнне зрабіла толькі для вечара серады – на вуліцы цудоўнае надворʼе, і я праўда стамілася сядзець у хаце. Выйшла на невялічкую прагулку, але на бяспечнай дыстанцыі.

Дар’я Казусік. Фота: уласны архіў

Я жыву з бацькамі, таму намагаюся сядзець як мага болей у сваім пакоі. Працую на даму, курсы ангельскай і польскай мовы таксама перанеслі ў онлайн. Прадукты купляюць бацькі. Яны ходзяць на працу, гуляюць з сабакам. Кожны раз, калі яны вяртаюцца дадому з вуліцы, я праціраю пасля іх ручкі і рубільнікі антысептыкам. Айчым смяецца з гэтага.

Маю пазіцыю сваякі не вельмі падзяляюць. Мама спакойна адрэагавала, а айчым смяецца з мяне. Маю сабаку клічуць Крон, і яны пастаянна кажуць «Мы ўпусцілі ў твой пакой кронавірус». Базавыя правілы гігіены – мыццё рук, карыстанне антысептыкам выклікаюць у іх нейкую агрэсію.

Афіцыйна: як замежнікі могуць застацца ў Польшчы легальна падчас эпідэміі

Праца на адлегласці ўплывае на маю прадуктыўнасць у горшы бок. Сёння зранку ў мяне быў скайп-кол з калегам, і я чула, як яго дачка адкрывала пакунак з чыпсамі і ён яе супакойваў 15 хвілінаў. Яшчэ зараз больш складана сябе дысцыплінаваць: праца пачынаецца а 9 раніцы, а я прачынаюся а 8:55, снедаю ўжо ў працэсе.

Увечары я гляджу серыялы, раблю трэніроўкі праз YouTube, танчу, кнігі чытаю. Нават посуд памыла аднойчы і пыл працерла. З сябрамі падтрымліваю сувязь праз інтэрнэт.

У мяне такое адчуванне, што ў Беларусі ўсім пляваць.Я бачу на дзіцячых пляцоўках процьма людзей. Мае сябры не ізалююцца: ходзяць у трэнажорку, жыццё ў іх працягваецца, нічога змянілася. Пакуль певень не клюне, то ніхто не будзе варушыцца. Напэўна, ім трэба было таксама ў Польшчу паехаць.

Ксенія Тарасевіч Belsat.eu

Hавiны