«Усходняе партнёрства» – поспех або правал? 5 галоўных пытанняў і адказаў


У Бруселі 13–14 траўня пройдуць імпрэзы, прымеркаваныя да 10-годдзя ініцыятывы «Усходняе партнёрства». Belsat.eu распавядае, які шлях прайшла гэтая праграма і ці апраўдаліся надзеі, што на яе ўскладалі.

Што гэта такое?

«Усходняе партнёрства» – гэта сумесная праграмная ініцыятыва, накіраваная на паглыбленне і ўмацаванне стасункаў з шасцю ўсходнімі суседзямі ЕЗ: Арменіяй, Азербайджанам, Беларуссю, Грузіяй, Малдовай і Украінай. Аўтарамі ініцыятывы з’яўляліся дыпламаты Польшчы і Швецыі, устаноўчая сустрэча УП адбылася ў Празе ў траўні 2009 года. Паводле першапачатковай ідэі, стасункі з Еўразвязам мусілі развівацца ў чатырох вымярэннях: эканоміка і гандаль, дэмакратыя і эфектыўнае кіраванне, энергаэфектыўнасць і экалогія, мабільнасць і асабістыя кантакты (маецца на ўвазе візавы рэжым і міграцыя).

Сцяг Еўразвязу.
Фота: Henry Nicholls/REUTERS/Forum

Трэба падкрэсліць, што праграма не ставіла перад сабой мэтаю ўваходжанне краін-удзельніцаў у ЕЗ: усе зыходзілі з разумення, што ў бліжэйшай будучыні гэта немагчыма. Адпаведна выбар стратэгічнага курсу на еўраінтэграцыю не з’яўляўся ўмовай удзелу ў праграме.

Чаго дасягнулі ўдзельнікі?

Краіны-ўдзельніцы «Усходняга партнёрства» праявілі розную зацікаўленасць у развіцці стасункаў з ЕЗ і адпаведна дасягнулі розных вынікаў. Гэтак Грузія, Украіна і Малдова падпісалі дамову аб асацыяцыі і атрымалі бязвізавы рэжым. Арменія падпісала Усёабдымнае і пашыранае партнёрскае пагадненне паміж з ЕЗ, а таксама пагадненне аб спрашчэнні выдачы візаў і аб рэадмісіі. Пры гэтым Ерэван застаецца чальцом ЕАЭС і не абвяшчаў курс на далучэнне да ЕЗ.

Аўтсайдарамі ініцыятывы традыцыйна лічацца Беларусь і Азербайджан. Беларусь не мае нават базавага пагаднення аб супрацы з ЕЗ, дамова аб спрашчэнні візавага рэжыму дагэтуль не падпісаная. Менск звычайна падкрэслівае сваю зацікаўленасць у эканамічных праектах у межах УП і не надта імкнецца развіваць стасункі на палітычным узроўні. Падчас міжнароднай канферэнцыі «Менскі форум» у лістападзе 2018 года намеснік кіраўніка МЗС Алег Краўчанка падкрэсліў, што Беларусь зацікаўлена ў партнёрстве з ЕЗ, «але не ставіць мэтаю сяброўства або перспектыву сяброўства ў Еўразвязе».

Ці былі нейкія станоўчыя моманты ва ўдзеле Беларусі ва «Усходнім партнёрстве»?

На думку дырэктара Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі Андрэя Ягорава, галоўны плюс заключаецца ў тым, што ў стасунках ЕЗ і Беларусі не адбылося поўнага разрыву нават у такія складаныя моманты, як перыяд дзеяння санкцыяў пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года.

«Гэтая ініцыятыва захоўвала Беларусь у арбіце еўрапейскага ўплыву і давала магчымасць не губляць сувязь з Еўропай, працягваць камунікацыю з ЕЗ, што вельмі важна для нацыянальных інтарэсаў краіны», – падкрэслівае палітолаг у інтэрв’ю belsat.eu.

Акрамя таго, былі і абсалютна канкрэтныя рэчы: крэдыты і іншая фінансавая падтрымка па лініі супрацы з ЕЗ. «Беларусь атрымала менш, чым атрымалі іншыя краіны «Усходняга партнёрства», але гэта ўсё роўна дастаткова сур’езныя праекты і праграмы, якія ў асноўным датычыліся беларускай дзяржавы», – канстатуе ён.

ВІДЭА
Еўразвяз выдзеліць Беларусі ад 112 да 136 млн еўра ў выглядзе грантаў
2018.01.04 11:25

А прычым тут Расея?

«Усходняе партнёрства» стала дэ-факта адным з франтоў геапалітычнага супрацьстаяння Расеі і ЕЗ. Лічыцца, што на само стварэнне праграмы ў значнай ступені паўплывала агрэсіўная палітыка Масквы на постсавецкай прасторы – у прыватнасці, расейска-грузінская вайна 2008 года. Хаця адначасова ідэя УП стала лагічным працягам маштабнага пашырэння ЕЗ у 2004 годзе за кошт краінаў Усходняй Еўропы.

Расея ад самага пачатку вельмі негатыўна паставілася да еўрапейскай ініцыятывы. Ціск Масквы на прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча прывёў да раптоўнай адмовы афіцыйнага Кіева падпісваць дамову аб асацыяцыі з ЕЗ восенню 2013 года. Адмова падпісваць дамову з ЕЗ у сваю чаргу справакавала Еўрамайдан, а перамога Еўрамайдана прывяла да таго, што Крэмль вырашыў распачаць інтэрвенцыю супраць Украіны – вясной 2014 года Расея анексуе Крым і распачне ўзброены канфлікт на Данбасе.

Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка і кіраўнік Еўрапейскага савету Дональд Туск, 2015 год. Крыніца – REUTERS/Ints Kalnins

«Якой бы павярхоўнай ні была цікавасць некаторых краін ЕЗ да дзяржаваў Усходняга партнёрства, Еўразвяз у цэлым не можа проста так праігнараваць імкненне Усходняй Еўропы да еўрапеізацыі, дэмакратызацыі і мадэрнізацыі. Пакінуць гэты запыт па-за ўвагай азначала б адмовіцца ад базавых нормаў і каштоўнасцяў ЕЗ. Таму ў бліжэйшыя гады на гэтай тэрыторыі мы будзем назіраць патавую сітуацыю: Расея апанаваная гэтым рэгіёнам, але яна непрывабная палітычна, тады як ЕЗ шмат у чым ненаўмысна прапануе гэтым краінам больш прывабны праект, але пры адсутнасці стабільнай прыхільнасці супрацы з рэгіёнам. Верх у гэтым проціборстве не зможа ўзяць ні ЕЗ, ні Расея, так што ў агляднай будучыні патавая сітуацыя тут верагодней за наўпроставы канфлікт», – адзначала летась Наталі Точы – спецыяльны дарадца Вярхоўнага прадстаўніка ЕЗ па замежных справах і палітыцы бяспекі.

«Усходняе партнёрства» для Бруселю на сённяшні дзень – гэта паспяховы або няўдалы праект?

Ангела Мэркель на саміце УП у 2017 годзе. Крыніца – REUTERS/Eric Vidal

Андрэй Ягораў лічыць, што адказаць на гэтае пытанне адназначна немагчыма. Справа ў тым, што цягам апошніх дзесяці гадоў бачанне Бруселем дадзенага праекту мянялася. Спачатку гэта была вельмі амбіцыйная геапалітычная ініцыятыва, якая ставіла мэтаю глыбокую інтэграцыю краін-удзельніцаў. Пасля «арабскай вясны» ўзмацніўся акцэнт на дэмакратычных пераўтварэннях ва Усходняй Еўропе і падтрымкі грамадзянскай супольнасці. Аднак пасля расейкай агрэсіі супраць Украіны ў 2014 годзе адбыўся рэзкі паварот: Брусель знізіў трансфармацыйныя амбіцыі ў рэгіёне і пачаў рабіць акцэнт на падтрыманні стабільнасці і бяспекі.

«Таму мы не можам сказаць, ці дасягнуў сваіх мэтаў Брусель, бо ў розныя гады былі розныя ўстаноўкі. Праблема ЕЗ у тым, што Еўропа не мае стратэгічных доўгатэрміновых установак адносна гэтага рэгіёну і наагул міжнароднай палітыкі», – адзначыў Ягораў у інтэрв’ю belsat.eu.

Менавіта таму эксперт мае даволі песімістычны погляд на будучыню. На ягоную думку, цяпер адбываецца бюракратызацыя і рутынізацыя палітыкі «Усходняга партнёрства», змяншэння палітычнага складніку і ўвагі да пытанняў дэмакратыі і правоў чалавека.

«Гэтая тэндэнцыя працягнецца. ЕЗ не гатовы сёння да перагляду палітыкі «Усходняга партнёрства», да пераасэнсавання падыходаў да такіх складаных краінаў як Беларусь і Азербайджан», – кажа ён.

Мнения
Что спустя 10 лет осталось от Восточного партнерства?
2019.05.07 18:50

Ігар Ільяш belsat.eu

Стужка навінаў