«Усе ўсё разумелі». У судзе над топ-чыноўнікам распавялі пра сістэму «адкатаў» у сферы аховы здароўя


У Цэнтральным судзе Менску 10 студзеня распачаўся разгляд справы былога начальніка галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гарадзенскага аблвыканкаму Андрэя Стрыжака. Суд над Стрыжаком – частка вялікай справы аб карупцыі пры закупах медычнага абсталявання і лекаў. У СМІ яе называюць «справай медычных функцыянераў» або «справай медыкаў».

Стрыжаку прад’яўлена абвінавачванне па ч. 2 арт. 430 Крымінальнага кодэксу (атрыманне хабару неаднаразова ў буйным памеры). Паводле абвінавачвання, топ-чыноўнік браў хабары цягам чатырох гадоў – з 2014 па 2018. Пракурор Максім Чупрыс агучыў шэраг карупцыйных эпізодаў, агульная сума хабараў у межах якіх дасягала больш за $ 37 тыс. Сам Стрыжак пакуль што адмовіўся агучваць сваё стаўленне да абвінавачвання.

Як выглядала хабарніцтва

Сёння ў судзе ў якасці сведкі даў паказанні Уладзімір Ладуцька – дырэктар і заснавальнік кампаніі «Геол-М», якая займаецца продажам медычнай тэхнікі. Ягоная фірма ў 2014-2015 гг. двойчы ўдзельнічала і перамагала ў аўкцыёнах на куплю медычнага абсталявання, што праводзілася галоўным упраўленнем аховы здароўя Гарадзеншчыны.

Як сцвярджаў на судзе Ладуцька, абодва аўкцыёны былі канкурэнтнымі і «Геол-М» перамог, таму што яны прапанавалі найбольш нізкія кошты за свае паслугі. Бізнесовец сцвярджае, што не абмяркоўваў са Стрыжаком нейкую дапамогу падчас гэтых аўкцыёнаў, тым больш, што чыноўнік на іх вынікі паўплываць ніяк не мог. Стрыжак быў адказны непасрэдна за выдзяленне бюджэтных грошаў, якія пералічваліся на рахунак УП «Белмедсервіс» (менавіта з гэтым дзяржаўным прадпрыемствам-манапалістам заключалі кантракт пастаўшчыкі), а «Белмедсервіс» ужо плаціў за медычнае абсталяванне «Геол-М».

Першы кантракт быў заключаны ў 2014 годзе на суму 2 млн. 760 тыс недэнамінаваных беларускіх рублёў і паспяхова выкананы. Аднак пасля Ладуцька вырашыў у якасці «падзякі» перадаць Стрыжаку грошы. Як сцвярджае бізнесовец, гэта была ягоная асабістая ініцыятыва, сам чыноўнік не вымагаў у яго грошы і нават не намякаў на гэта.

«Такога рангу кіраўніка мець у сябрах заўсёды дарагога каштуе», – тлумачыў на судзе Ладуцька.

Паводле яго, Стрыжак распараджаўся бюджэтнымі сродкамі і меў доступ да важнай інфармацыі ў сістэме аховы здароўя, таму бізнесовец разглядаў падобны хабар у якасці своеасаблівай інвестыцыі ў будучыню. Суму для хабару ён самастойна вызначыў у памеры $10 тыс. Узяў грошы з уласных сродкаў – паводле бізнесоўца, у год ён зарабляе каля $80-100 тыс.

Прыкладна праз 1-1,5 месяца пасля выканання першага кантракту, у верасне-кастрычніку 2014 года, Ладуцька патэлефанаваў Стрыжаку і прапанаваў яму сустрэцца, калі той будзе ў Менску. Канкрэтная мэта сустрэчы не агучвалася. Чыноўнік пагадзіўся. У хуткім часе ён патэлефаванаў бізнесоўцу і прызначыў сустрэчу каля ГЦ «Еўропа». Сустрэліся яны на аўтастаянцы каля гандлёвага цэнтру. Цягнулася спатканне каля 10 хвілінаў, размова, як кажа Ладуцька, была ні пра што – ніякіх просьбаў ці прапановаў не агучвалася.

Хабар бізнесовец паклаў у канверт («звычайная практыка», патлумачыў ён), які падчас гутаркі перадаў чыноўніку. Стрыжак не спытаў, што гэта і навошта, а проста паклаў канверт ва ўнутраны кішэнь паліто ды сышоў.

«Мы плаўна рухаліся да ўваходу ў гандлёвы цэнтр, там я перадаў канверт – без пытанняў, без тлумачэнняў. Усе ўсё разумелі», – адзначыў Ладуцька на судзе.

Андрэй Стрыжак на судзе. Фота – belsat.eu

У хуткім часе адбыўся новы аўкцыён і новы кантракт, які быў заключаны «Белмедсервісам» з «Геол-М». На аўкцыён, падкрэслівае Ладуцька, Стрыжак ніяк не мог паўплываць і ніякіх стасункаў яны не мелі ў гэты час. Але ўжо пасля заключэння кантракту здарылася вялікая затрымка па аплаце (каля 6 месяцаў), бо ў бюджэце не было грошаў. А паколькі ў той час як раз адбылася моцная дэвальвацыя беларускага рубля, то «Геол-М» нёс вялікія страты ад гэтай затрымкі.

«Я адразу набраў Стрыжака, – кажа Ладуцька, – Распавёў пра пратэрміноўку, пра праблемы. Але ён не мог нічога зрабіць: бюджэт даў збой, грошаў не было».

Аднак, калі ў бюджэце ўсё ж з’явіліся грошы, то кампанія «Геол-М» апынулася наверсе спіса кампаніяў, якім мусілі выплаціць запазычнасці. Калі сітуацыя паспяховы вырашылася, то Ладуцька зноў захацеў «аддзячыць» Стрыжаку «на перспектыву». Дача хабару выглядала ў дакладнасці гэтак сама, як і ў мінулы раз: зноў $10 тыс. у канверце, зноў сустрэча каля ГЦ «Еўропа», і зноў «усе ўсё разумелі».

У чэрвені 2018 года Ладуцьку затрымаў КДБ паводле абвінавачвання ў дачы хабараў чыноўнікам. Стрыжак там не фігураваў. Аднак пасля затрымання Ладуцька напісаў яўку з павіннай, дзе распавёў і пра стасункі з гарадзенскім чыноўнікам. У выніку 19 чэрвеня Стрыжака арыштавалі.

Асаблівасці беларускай карупцыі

Важна падкрэсліць адну дэталь: у абвінаваўчым акце нічога не гаворыцца пра тое, што Стрыжак заключаў нявыгадныя кантракты (то бок завышаў кошты абсталявання) або вымагаў грошы ў бізнесоўцаў. Падобна на тое, што «адкаты» лічыліся чымсьці абавязковым у сістэме аховы здароўя і не заўсёды былі абумоўлены канкрэтнымі паслугамі.

Паводле абвінавачвання, у 2012-2013 годзе Стрыжак выдзяляў фінансаванне на сотні тысяч еўра на закупы медычнай тэхнікі ў нямецкай кампаніі «Тангенс» і кантраляваў выкананне гэтага кантракту. Пасля паставак абсталявання кіраўніцтва «Тангенс» перадало чыноўніка £5 тыс.

У 2017-2018 гг. Стрыжак агулам атрымаў ад кіраўніцтва кампаніі «Медысфера» $9.700. Перадача грошаў адбывалася ў чатыры этапу ў розных месцах – ў службовым кабінеце Стрыжака, у офісе «Медысферы», каля Гарадзенскага аблвыканкаму і нават на фестывалю ў Горадні. У сваю чаргу «Медысфера» атрымлівала кантракты на абслугоўванне і рамонт медычнага абсталявання ва ўстановах аховы здароўя Гарадзеншчыны.

Яшчэ адну тысячу долараў Стрыжак атрымаў ад нямецкай фірмы, адну – ад кіраўніка кампаніі «Белреамед».

Hавiны
Адбылося папярэдняе судовае паседжанне ў «справе медычных функцыянераў»
2019.01.04 09:09
  • Суд над Андрэем Стрыжаком – частка вялікай справы аб карупцыі пры закупах медычнага абсталявання і лекаў. У СМІ яе называюць «справай медычных функцыянераў» або «справай медыкаў». У межах справы вясной–летам 2018 года былі затрыманыя больш за 60 асобаў (у тым ліку 37 чыноўнікаў). Паводле КДБ, хабары даходзілі да $ 350 тыс. за адзін раз. Незаконна атрыманыя грошы пераводзіліся на рахункі фірмаў у Гон-Конгу, Літве, Латвіі, Расеі і ПАР. Праз карупцыю кошт і лекаў, і абсталявання завышаўся на 10-60 %, у асобных выпадках – на 100 %.
  • Сярод арыштаваных – намеснік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі, дырэктар РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Аляксандр Бялецкі, дырэктар Цэнтру экспертыз і выпрабаванняў у ахове здароўя Аляксандр Сталяроў, дырэктар прадпрыемства «Белмедтэхніка» Аляксандр Шарак і начальнік вайскова-медычнага ўпраўлення Міністэрства абароны Аляксей Яськоў. Падчас ператрусу ў гаражы Шарака ў тайніку было выяўлена больш за $ 620 тыс. у эквіваленце, у Бялецкага – каля $ 500 тыс.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў