«Усе разам»: у Берасці адкрылася выстава, прысвечаная 1000-годдзю гораду


Новае жыццё ўдыхнулі ў вядомую ў Берасці выставу «Усе разам» дзякуючы «Белгазпрамбанку» і яго праекту «Восеньскі салон».

Coral Pluteous – тэкстыльная праца Надзеі Леановіч

Выстава «Усе разам» задумвалася шэсць гадоў таму, як выстава для маладых берасцейскіх аўтараў, але цяпер яна перарасла ў сумесны культурніцкі праект.

Наведвальнікі выставы
«Талісман» – Крысціна Мельнік

– Я ўдзельнічаў ва ўсіх шасці выставах праекту. Гэтым разам у мяне тут тры працы, але адметнасць «Усе разам» у 2019 годзе ў тым, што, дзякуючы менскім гасцям, вырас агульны ўзровень выставы, тут шмат вельмі цікавых прац, і гледзячы на іх можна атрымаць сапраўднае задаваленне, – распавёў «Белсату» берасцейскі мастак Аляксей Пагожын.

Кіраўнік гарвыканкаму Аляксандр Рагачук упадабаў «Гасцінец» Алесі Скарабагатай

Выстава «Усе разам» адчынілася ў абласным грамадска-культурным цэнтры Берасця 28 лютага. У экспазіцыі прадстаўлены жывапіс, графіка, скульптара, дэкаратыўна-прыкладнае мастацтва, тэкстыль і відэа-інсталяцыя.

Калажы Ірыны Калчук

На выставе прадстаўлены 75 прац ад 34 мастакоў, з якіх 18 – берасцейцы, а 16 – менчукі. Тут – і вядомыя сталічныя мастакі, удзельнікі і пераможцы «Восеньскага салону з «Белгазпрамбанкам» Аляксандр Бельскі, Алена Гіль, Уладзімір Сакалоўскі, Алесь Багданаў, Наталля Шкраба, і берасцейцы – Таццяна Патворава, Зміцер Булдакоў, Аляксей Пагожын, Вольга Данілюк.

Наведвальнік выставы разглядае працы Міраўлада Палачыча

У выставе ўдзельнічаюць маладыя аўтары да 35 гадоў. «Белгазпрамбанк» далучыўся да выставы з нагоды 1000-годзя Берасця.

«Сустрэча на высокім узроўні» – Аляксандр Бельскі

Наведаць выставу можна да 17 сакавіка кожны дзень акрамя панядзелка ад 10.00 да 18.00 у абласным грамадска-культурным цэнтры Берасця.

Мастачкі Ганна Чапурная-Алейнік і Таццяна Патворава

АС, фота Мілана Харытонава/Belsat.eu

Стужка навінаў