Унікальны для Магілёўшчыны помнік архітэктуры можа не дачакацца рэканструкцыі

Фота: «Белсат»

Першае, што бачыш заязджаючы ў вёску Княжыцы Магілёўскай вобласці, каменную пабудову, якая ўзвышаецца над дамамі. Касцёл святога Антонія быў пабудаваны ў 18-ым стагоддзі, але сёння ён больш падобны на руіны. Будынак акружае новы драўляны плот, ужо вышэй чым ранейшы, а таксама новая забарона на ўваход. Усе дзверы, якія вядуць унутр – забітыя, а над імі красуюцца таблічкі «Уваход забаронены».

Падобныя храмы раней былі ў: Бялынічах, Магілёве, Чавусах і яшчэ ў некаторых вёсках і гарадах Магілёўшчыны. Да нашага часу на жаль, гэтыя будынкі не захаваліся.

«Захаваўся толькі касцёл у Княжыцах, – кажа краязнаўца Алег Дзьячкоў, – па гэтаму для нашага рэгіёна ён на сённяшні дзень унікальны помнік архітэктуры і калі паглядзець на дарогу, якая праходзіць праз вёску, гэта траса Магілёў – Менск, то такіх значных помнікаў архітэктуры на гэтай трасе больш няма».

Мясцовы жыхар Генадзь жыве ў вёсцы з 66-га года. Мужчыне пашчасціла пабываць унутры касцёла яшчэ ў маладосці. Тады і дзверы былі адкрыты і сам будынак знаходзіўся куды ў меншым заняпадзе.

«Там добрыя такія цікавыя абразы намаляваныя на сценах, зводны столь, там наагул прыгожа. Яшчэ ёсць лесвіца, каб падымацца на званіцу, але яна драўляная, ужо зразумела падгніла. Наагул раней было прыгожа, гэта ў апошнія гады ўжо здае».

Рэканструкцыю пачыналі не адзін раз, бачны старыя лясы, але справу так і не давялі да канца. Генадзь лічыць, што касцёл так і прастаіць, пакуль канчаткова не разбурыцца. Хто ж павінен займацца рэканструкцыяй архітэктурных помнікаў, дзяржава ці самі людзі?

Пад Магілёвам руйнуецца ўнікальны касцёл

«На сённяшні дзень трэба шукаць сродкі на тое, каб правесці працы, зрабіць праектную дакументацыю і кансервацыю. Гэта так жа патрабуе пэўных рэсурсаў і не маленькіх. Таму мы ўжо не аднаразова звярталіся да абласных і рэспубліканскіх уладаў, нам абяцалі нешта, але на сённяшні дзень зрухаў у фінансавым плане няма. Гэтым павінны займацца і чыноўнікі, і вядома грамадства таксама павінна ўдзельнічаць. Яшчэ ў мінулым годзе быў адкрыты рахунак па зборы сродкаў на рэканструкцыю. Але паколькі грамадскі сектар у нас досыць слабы, то перш за ўсё гэтым павінны займацца дзяржаўныя чыноўнікі», – кажа краязнаўца Алег Дзьячкоў.

Фармальна касцёл святога Антонія для людзей недаступны, але каля будынку часта можна заўважыць людзей, хай і не мясцовых.

«Вернікі тут не збіраюцца, няма дзе. Толькі вяселля прыязджаюць да касцёла па фатаграфаваць. Я думаю калі яго адрамантаваць і турысты будуць прыязджаць і самі мясцовыя жыхары будуць хадзіць. Калі ідзём у краму, праходзім міма касцёла і бачым, што стаяць машыны з іншых рэгіёнаў, думаю вельмі нават шмат прыязджаць будзе », – распавядае мясцовая жыхарка Вераніка.

У 1863-ім годзе будынак пачалі рэканструяваць пад праваслаўную царкву, тады над храмам былі надбудаваны псеўдакупалы з крыжамі. Цяпер кожную раніцу выходзячы з дому мясцовая жыхарка Надзея бачыць верхавіну храма з апалым крыжам пасярэдзіне.

«Хоць бы ўжо не рэканструявалі, а проста ў божы выгляд прывялі. Зрабілі як помнік: пафарбавалі, пабялілі, патынкавалі, умацавалі і ўсё. Яны пачалі рабіць даўно, лясы паставілі, а потым сказалі, што грошай няма, не дала дзяржава і на гэтым спыніліся. Ну ён калі-небудзь можа і абрынуцца, вы ж бачылі там расколіны якія. Як ападзе на дарогу, калі нехта ісці будзе, і ўсё. Можна ж неяк умацаваць яго ці разабраць, а інакш нешта адбудзецца. Або калі ўжо адбудзецца яны будуць варушыцца», – кажа Надзея.

Разбіраць касцёл вядома нельга, бо ён знаходзіцца ў дзяржаўным спісе помнікаў архітэктуры і ахоўваецца дзяржавай. Але вось ці будзе ён адноўлены або канчаткова разбураны, пакажа толькі час.

Дар’я Чульцова belsat.eu

Hавiны