Улаховіч заклікаў не баяцца ні Расеі, ні Еўразвязу


Кандыдат на прэзідэнта Мікалай Улаховіч мяркуе, што Беларусь без Расеі не пройдзе праз «цяперашні сусветны эканамічны крызіс».

Пра гэта ён заявіў 3 кастрычніка падчас тэледэбатаў на тэлеканале «Беларусь 1». Пры гэтым кандыдат у прэзідэнты зазначыў, што Расеі не патрэбная Беларусь «як губерня». «Расеі патрэбны партнёр у асобе незалежнай краіны. Таму нам баяцца там аб нашай незалежнасці не трэба», – сказаў ён.

Таксама Улаховіч заклікае не баяцца Еўразвязу, хаця кандыдат і не хацеў, каб «яны прывялі сюды дэструктыўныя сілы, якія яны праштурхнулі ва Украіне».

Улаховіч заявіў, што яго першы ўказ у выпадку абрання прэзідэнтам будзе аб адстаўцы ўрада.

Паводле слоў кандыдата, яго «патрыятычная праграма» кандыдата ў прэзідэнты разлічаная ў тым ліку і на падтрыманне з боку замежных дзяржаваў. Ёсць міжнародныя праграмы і гранты, у якіх Беларусі неабходна шырэй удзельнічаць, лічыць Улаховіч.

Ён у корані не згодны з дзеяннямі ўрадавых органаў, якія «затрымліваюць зносіны» з ЕС і ЗША. «Палітыка палітыкай, а работа ў плане культурна-выхаваўчай, патрыятычнай павінна праводзіцца, перш за ўсё ў інтарэсах нашай краіны», – сказаў ён.

Улаховіч пахваліў сваіх супернікаў на выбарах, якія прапанавалі розныя спосабы вырашэння эканамічных праблем. Аднак ён лічыць, што іх каманды не змогуць ажыццявіць эфектыўныя рэформы. «Цяпер стаіць адна задача – выжыць ва ўмовах крызісу», – сказаў кандыдат у прэзідэнты.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Стужка навінаў