Уладзімір і Віктар Пуціны. Таямніцы біяграфіі ды псіхалогіі


Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін згадаў пра брата Віктара і бацьку-франтавіка некалькі дзён таму ў Ізраілі. Гэта афіцыйная версія, а хто Віктар Пуцін быў паводле Крыстыны Курчаб-Рэдліх, аўтаркі кнігі «Вова, Валодзя, Уладзімір. Таямніцы Расеі Пуціна»? Другая частка інтэрв’ю Сяргея Пелясы з польскай журналісткай, якая амаль 15 гадоў працавала ў Расеі, а за расследаванні яе намінавалі на Нобэлеўскую прэмію міру ў 2005 г.

У першай частцы інтэрв’ю – пра бацькоў прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна, колькі яму гадоў, што яго звязвае са Сталіным, хто і чаму збіваў яго ў дзяцінстве.

Сяргей Пеляса: Уладзімір Пуцін у Ізраілі на ўрачыстасцях, прысвечаных памяці ахвяраў Галакосту, ізноў згадаў пра бацьку-франтавіка, які абараняў Ленінград, і пра свайго брата Віктара Пуціна, які памёр падчас блакады Ленінграду ад дыфтэрыі ў 1942 г. Што ў гэтай гісторыі праўда, а што не? Ці існаваў Віктар Пуцін насамрэч?

Крыстына Курчаб-Рэдліх: Віктар Пуцін існаваў, а таксама яшчэ адное дзіця, сын гэтых людзей, якія Воўчыка прынялі як свайго. Альберт памёр да вайны, Віктар памёр падчас блакады Ленінграду. Гэта праўда. Віктар – брат Уладзіміра Пуціна паводле афіцыйнай біяграфіі. Згодна з сапраўднаю біяграфіяй ніякай біялагічнай сувязі там няма.

Уладзімір Спірыдонавіч Пуцін, ягоная жонка Марыя і Уладзімір. Фота 24smi.org

Бацька Віктара быў добраахвотнікам НКВД, самай страшнай арганізацыі, якая знішчала людзей. Ён ваяваў у Фінляндыі, якую на падставе пакту Молатава – Рыбэнтропа, як Польшчу, узяў пад абцас Сталін. Ён там выдатна забіваў мясцовае насельніцтва.

Айчым уносіць у біяграфію Пуціна абсалютную любоў да Сталіна, любоў да гэтага сапраўднага, самага моцнага камунізму. Ад гэтага ніколі маленькі Валодзя не пазбавіўся.

У Ленінградзе яны жылі вельмі бедна, яго выхоўваў двор, што вельмі важна для ягонай біяграфіі. Гэты другі, ужо афіцыйны, бацька моцна яго біў і рэменем, і рукой. Ягоныя знаёмыя з жудаснага тагачаснага двара ўспамінаюць і пра гэта распавядаюць потым журналістам.

Уладзімір Пуцін на каленях Марыі Пуцінай. Першыя вядомы фотаздымак прэзідэнта Расеі.
Фота: uznayvse.ru

Гісторыю Уладзіміра Уладзіміравіча Пуціна вы апісваеце ў сваёй кнізе «Вова. Валодзя. Уладзімір. Таямніцы Расеі Пуціна», якую вы апублікавалі ў Польшчы некалькі гадоў таму. Пытанне Віктара Пуціна зноў стала актуальнае. Цікава, што нібыта ягоную магілу знайшлі літаральна летась. Гэта значыць, 20 гадоў таму, калі Пуцін стаў прэм’ерам Расеі, потым прэзідэнтам, не была вядомая магіла ягонага гэтак званага брата, які насамрэч яму не брат. Атрымліваецца, што ён і ягоны бацька сталі патрэбныя Пуціну для прыгожай біяграфіі, правільна?

Ведаеце, калі прэзідэнт Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін пачынае шукаць у акіяне нейкія старажытныя вазы, яны яму трапляюцца пад руку. І гэтая магіла раптам зʼяўляецца пад рукой. Вядома, ён будзе цяпер гэтаю біяграфіяй вельмі моцна ваяваць. Трэба дадаць, што паводле афіцыйнай біяграфіі бацькам айчыма быў кухар Леніна і Сталіна. Можаце сабе ўявіць, наколькі вялікія былі заслугі ў чалавека, які быў так блізка да Сталіна, і ён выжыў, калі Сталін усіх забіваў.

Мне здаецца, што Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін удзячны сваім несапраўдным памерлым братам Альберту і Віктару Пуціным. Праз тое, што яны памерлі, іхныя бацькі, то бок Уладзімір Спірыдонавіч Пуцін і ягоная жонка, засталіся без дзяцей пасля вайны. Жанчына жадала дзіця, таму яны яго прынялі, далі яму шанец, старт карʼеры. Што было б, напрыклад, калі б ён застаўся ў Грузіі ці на Урале?

Вера Пуціна заяўляе, што яна сапраўдная маці Уладзіміра Пуціна. Сяло Метэхі, Грузія. 6 лістапада 2019 г. Фота з архіву Крыстыны Курчаб-Рэдліх

Ягоная маці, Вера Мікалаеўна, з якой я размаўляла 6-га лістапада 2019 года, паўтарае: «Што б было, калі б ён застаўся тут, у гэтай вёсцы? Я хацела вучыцца, ён таксама». І ўсе паўтараюць, не толькі яна, што ён вельмі добра вучыўся. Калі б не гэтая ягоная новая біяграфія, вядома, ён бы не стаў прэзідэнтам Расеі. Ён навучыўся ваяваць за сябе.

Ёсць доказ таму, што Марыя, жонка Уладзіміра Спірыдонавіча, ягоная несапраўдная маці. Ёй было 42 гады, калі дзіця туды прывезлі ў 1960 г. Ніхто яе ніколі не бачыў цяжарнаю або з вазком. І раптам яна цягне за ручку маленькага, бо Валодзя быў вельмі маленькі, што ўспамінае нават Вера Мікалаеўна. Маё першае пытанне было: «Як вы ўспамінаеце вашага сына?» Яна кажа: «Ён быў такі маленькі». Гэта значыць, ён быў нашмат меншы за іншых. І вось яна, іншая ленінградская маці, за ручку прыводзіць у двор чалавечка і кажа: «Гэта мой сын, не крыўдзіце яго». Тады яму перарабілі метрыку, бо трэба было вучыцца ў ленінградскай школе.

Уладзімір Пуцін у школе. Фота meridian.in.ua

Бацька НКВДшнік, думаю, мог арганізаваць новыя паперы, гэта не была праблема.

Не-не, гэта не была праблема. З гэтага пачынаецца ягоная біяграфія, з 1952 года, бо яму на два гады перарабілі ягоную сапраўдную метрыку.

Скептыкі скажуць: «Ну гэта ж усё нейкая страшная ерась, апокрыфы». Якія ў вас ёсць доказы для гэтага ўсяго? Вы напісалі кнігу амаль на 800 старонак. Што вы адкажаце тым людзям, якія захочуць нават пад гэтым інтэрвʼю напісаць свой каментар: «Гэта ўсё лухта, я не веру». Што б вы ім сказалі?

Доказы ёсць нават у Ленінградзе. Калі б вы хацелі знайсці сапраўдныя доказы, то бок фотаздымкі або дакументы маленькага Пуціна, калі ён нарадзіўся ў Ленінградзе, – вы іх не знойдзеце. Вы можаце знайсці толькі падробленыя. Яшчэ калі ён быў шэфам ФСБ з 1997 года, ён мог перарабіць усё. Але гэта ўсё не важнае было б, калі б ад гэтага чалавека не залежаў лёс людзей, якія загінулі праз тое, што яны хацелі шмат ведаць пра ягонае дзяцінства, калі б ён не ўплываў на лёсы людзей, краінаў і наагул свету. Калі б гэты чалавек быў чалавекам з псіхалогіяй, як іншыя. А вы мне адкажыце ўсе, хто кажа, што гэта няпраўда. Што прынёс Пуцін у нашае жыццё? Ён прынёс дабрабыт, парадак, пакой ці ён прынёс вайну, галечу, няшчасці? І колькі крыві на ягоных руках?

Уладзімір Пуцін на падводнай лодцы «Карэлія», 6 красавіка 2000 г. Фота Reuters/Forum

Ягоныя прыхільнікі скажуць, што ён стабілізаваў Расею пасля хвацкіх 90-х, і зʼявіўся парадак.

Вельмі проста было стабілізаваць Расею, калі зʼявіліся грошы. Калі Ельцын скончыў свой прэзідэнцкі тэрмін, у Расеі было 19 долараў за барэль нафты. Раптам, калі зʼявіўся Пуцін, не праз тое, што ён зʼявіўся, але на ягонае шчасце, кошт на нафту вельмі хутка вырас да 40 долараў за барэль, а потым да 140 дзесьці ў 2003 годзе. Яму было з чаго пачаць даваць людзям заробкі, плаціць тое, чаго Ельцын не мог.

Наконт таго, што зʼявіўся парадак. Пры такіх магчымасцях, якія былі ў Пуціна, як у былога шэфа ФСБ, і прэзідэнцкія магчымасці ў яго сапраўды былі вялікія, на ўсіх, з кім ён пачаў ваяваць, напрыклад, губернатараў, тады быў кампрамат. Яму вельмі проста было наводзіць парадак з губернатарамі, у якіх ён адабраў уладу. Бо ў яго сапраўды была ўлада, якую ён да таго не паказваў, калі яшчэ быў пры Ельцыне. Я прызнаю, што тлумачэнне палітычных дзеянняў у псіхалагічных катэгорыях – вельмі рызыкоўная рэч. Але Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін – чалавек. Ён не кібарг, не зомбі. Ёсць такі псіхалагічны сіндром, які называецца гібрыс-сіндром. Вельмі высокая ганарлівасць, якая вырастае з комплексу непаўнавартасці. Пыхлівасць, якая зачыняецца ў адным сасудзе. То бок гэты чалавек, як шмат хто ва ўладзе, ужо жыве ў сваім свеце. Для яго нішто іншае не ўлічваецца, апроч ягонай самай вялікай улады. Ён жа зламаў усю расейскую Канстытуцыю для таго, каб застацца пры гэтай уладзе.

Што за гульню пачаў Пуцін цяпер. Што гэта такое?

Ён не можа адмовіцца ад улады з дзвюх прычынаў. Псіхалагічная: ён нічога іншага не мае, проста не жыве. У яго няма вялікай сямʼі. Ёсць дзве дачкі, але ў іх сваё жыццё, вельмі звязанае з ім, але не гэта для яго важнае. Ён хоча валодаць светам, і для яго жыцця без самай вялікай улады ўвогуле не існуе. На гэта можна паглядзець з псіхалагічнага, гістарычнага пунктаў гледжання. Але ёсць яшчэ адное «але». Калі гэты чалавек на адну хвіліну застаўся б без імунітэту, да яго прыйшлі б усе магчымыя суды свету. Ён будзе адказваць за 150 тыс. чачэнскіх трупаў. Лічыцца, 250 тыс. наагул, але гэта абедзве вайны чачэнскія. Колькі ў адной вайне загінула, колькі ў другой, цяжка сказаць, але 42 тыс. дзяцей там загінула. А колькі калек, колькі варʼятаў, колькі зламаных жыццяў.

А расейцаў колькі загінула, не толькі чачэнцаў, пра гэта таксама не трэба забываць

15 тыс. расейскіх салдат загінула ў Чачэніі. Навошта?

Мне здаецца, што Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін, а, дакладней, Вова, той, з дзяцінства, не вінаваты ўва ўсім гэтым, ён ахвяра абставінаў, ахвяра тых людзей, якіх ён сустрэў. Вы згодныя з гэтым ці не?

Я спачуваю яму ў дзяцінстве, гэта ёсць у маёй кнізе. Але прабачце, потым мы ўсё ж такі становімся вялікія. Ён не адмовіўся ў сваім жыцці ад камуністычнага выхавання. Гэта быў 1962 год, калі ўсе здымалі партрэты Сталіна, калі пасля XX зʼезду Хрушчоў раскрыў, хто такі Сталін, усе скідалі ягоныя партрэты. А Пуцін дастаў такі партрэт са сметніку і ўначы прыбіў яго да сцяны дому, дзе жыў. Ён абнавіў асобу Сталіна як гераічную асобу.

Уладзімір Пуцін на трэніроўцы па самбо. Фота meridian.in.ua

Гэта амаль пратэст або дэманстрацыя паводле сучасных мерак?

Так, камуністычнае дзяцінства вельмі моцна адбіваецца на ўсім ягоным стаўленні да Расеі. Для яго распад Савецкага Саюзу – гэта асабістая траўма. Ён лічыць, што гэта быў самы добры перыяд для Расеі. Яна была моцная. Тое, што галеча, тое, што 37 мільёнаў загінула і ў вайне, і ў вялікім тэроры, – гэта для яго наагул не лічыцца. Уся сапраўдная гісторыя вайны праклятая. Ён ніколі не будзе казаць пра тых, хто загінуў праз Сталіна. Усіх вайскоўцаў, якія вярнуліся з нямецкага палону, Сталін перакінуў у савецкі палон. Пра гэта вы ніколі не пачуеце ад Пуціна. І гісторыя ў сённяшніх падручніках – адна вялікая хлусня. Але гэта падабаецца людзям.

Інтэрв’ю выйшла ў праграме «ПраСвет» 31.01.2020

Іншыя тэмы выдання:

  • Галоўныя мэсыджы Вашынгтону для Менску
  • Андрэй Паротнікаў: «Кандыдатуру амбасадара ЗША ў Беларусі ўжо зацвердзілі»
  • Беларусь пацерпіць ад каронавірусу
  • Чарговая спроба прымірыць Палестыну ды Ізраіль. Каму на руку план Трампа?

 

 

Стужка навінаў