Улады распавялі, колькі беларускіх турыстаў чакае на дапамогу па вяртанні ў Беларусь


Мужчына ў масцы ў зале Нацыянальнага аэрапорту Менск. 17 сакавіка 2020 года. Фота – Наталля Фядосенка / TАСС / Forum

Дапамога ў вяртанні ў Беларусь патрэбная каля 8000 турыстаў, якія набывалі пуцёўкі ў турфірмах і сутыкнуліся з закрыццём межаў праз каронавірус, паведаміла журналістам дырэктар дэпартаменту па турызме Міністэрства спорту і турызму Ірына Варановіч, падае БелТА.

«Сёння вырашаецца галоўная задача – вярнуць нашых турыстаў у Беларусь. Паводле звестак тураператараў, у Егіпце знаходзяцца каля 6 тыс. Арганізаваных турыстаў. Каля 2 тыс. Турыстаў сёння знаходзяцца ў іншых краінах», – распавяла Ірына Варановіч.

Турыстаў дадому вяртае авіякампанія «Белавія». Кампанія робіць рэйсы ў Парыж, Берлін, Мюнхен, Гановэр, Прагу, Будапэшт. З 29 сакавіка плануецца запуск рэйсу «Менск – Вена». У Егіпет самалёты «Белавіі» будуць лётаць да 31 сакавіка.

Намеснік Ірыны Варановіч, Віталь Грыцэвіч, распавёў, што ўсё адбываецца паводле распрацаванага графіку, ніякіх перашкодаў для вылету няма.

Паводле Віталя Грыцэвіча, Беларусь дапамагае выехаць з Егіпта ў тым ліку расейскім турыстам.

«Мы будзем вывозіць усіх турыстаў. Расейцы лёталі ў Егіпет праз нашыя турфірмы, у іх выкупленыя месцы назад. Гэтак жа, як і грамадзяне Беларусі, яны атрымаюць месца ў самалёце. У нас няма тут ніякіх падзелаў. Грамадзяне Расеі знаходзяцца ў такой жа сітуацыі, як і беларусы», – адзначыў чыноўнік.

Паводле Федэральнага агенцтва па турызме, за мяжой знаходзіцца каля 100 тысяч арганізаваных турыстаў з Расеі.

Пасля таго, як самастойныя беларускія турысты звяртаюцца ў амбасаду па дапамогу, іх бяруць на борт чартараў у выпадку свабодных месцаў у самалёце, дадаў прадстаўнік ведамства.

Паводле беларускіх уладаў, многія беларусы ўсцяж не прыслухоўваюцца да парадаў дыпламатаў абмежаваць свае паездкі. 18 сакавіка МЗС са спасылкай на Дзяржаўны памежны камітэт заявіла, што колькасць грамадзянаў Беларусі, якія выязджаюць за мяжу, «застаецца істотнай».

  • Беларускіх турыстаў у складанае становішча паставілі абмежаванні па ўездзе і транзіце замежнікаў, якія шэраг краінаў свету ўвялі ў сувязі з пандэміяй каронавірусу.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў