Улады Італіі абмяжуюць свабоду перамяшчэння праз каронавірус

Асаблівыя меры па барацьбе з эпідэміяй закранулі каля 50 тысяч чалавек на поўначы Італіі. Практычна зачыненыя 10 населеных пунктаў. Выяўлены 79 выпадкаў заражэння, два чалавекі памерлі, паведамляе Deutsche Welle.

Урад Італіі ўвёў абмежаванне свабоды перамяшчэння ў тых вобласцях краіны, дзе фіксаваліся выпадкі заражэння. Жыхарам населеных пунктаў, якія лічацца цэнтрамі эпідэміі, будзе забаронена пакідаць іх, таксама будзе забаронены ўезд туды, заявіў у суботу, 22 лютага, прэм’ер-міністр Італіі Джузэпэ Контэ.

Найбольшая колькасць інфікаваных – 54 пацверджаныя выпадкі – прыпадае на Ламбардыю, дзе адмысловыя меры закранулі каля 50 тысяч чалавек у дзесяці населеных пунктах у ваколіцах Мілану. У горадзе Кадонья зачыненыя супермаркеты і рэстараны, нешматлікія мінакі на вуліцах носяць ахоўныя маскі. У Мілане па распараджэнні мэра былі зачыненыя муніцыпальныя грамадскія ўстановы.

У суседнім рэгіёне Венета зафіксавана 17 выпадкаў, у шэрагу гарадоў таксама прыпыненая праца школ, спартовых цэнтраў, бараў. Першым памерлым ад віруса грамадзянінам ЕЗ стаў 78-гадовы жыхар гэтага рэгіёну.

Па два выпадкі заражэння зафіксаваныя таксама ў Эмілія-Раманья і Лацыё, яшчэ адзін – у Пʼемонце.

Італія – ​​найбольш закранутая каронавірусам з еўрапейскіх краін. Яшчэ 31 студзеня ў краіне абвясцілі надзвычайную сітуацыю праз распаўсюд інфекцыі. Па стане на раніцу 23 лютага агулам ад каронавірусу памерлі больш за 2440 чалавек, 77 тысяч па ўсім свеце хварэюць.

КА belsat.eu

Hавiны