Улады заблакавалі рахунак выбарчага фонду Віктара Бабарыкі

Банкаўскі рахунак, на якім знаходзяцца сродкі выбарчага фонду Бабарыкі, 17 чэрвеня быў заблакаваны ўладамі без тлумачэння прычын. Пра гэта паведамляе штаб патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты.

Паводле інфармацыі штаба, пры спробе плацяжа працаўнікі АСБ «Беларусбанк» паведамілі, што разліковы рахунак Віктара Бабарыкі, на якім знаходзіцца сфармаваны выбарчы фонд, заблакаваны – арыштаваныя расходныя аперацыі. Дакументаў, якія пацвярджаюць арышт альбо наяўнасць іншых падставаў для абмежавання распараджэння сродкамі фонду, не паказалі.

Цяпер на рахунку больш за 100 тысяч рублёў. У штабе сцвярджаюць, што забарона на распараджэнне дадзенымі сродкамі не дазваляе ў поўнай меры рэалізаваць выбарчыя правы.

«На неправамернасць такой забароны будзе звернутая ўвага ўпаўнаважаных дзяржаўных органаў: намі будуць падрыхтаваны і пададзены адпаведныя скаргі. Разам з тым, арышт сродкаў выбарчага фонду не адаб’ецца на бягучай дзейнасці штаба. У штабе і на пікетах па зборы подпісаў працуюць валанцёры, сябры ініцыятыўных групаў, якія не атрымліваюць якога-небудзь узнагароды. Усе сабраныя подпісы будуць належным чынам верыфікаваныя і прадстаўленыя ў адпаведныя выбарчыя камісіі«, – гаворыцца ў паведамленні штабу.

Па стане на 17 чэрвеня патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты сабраў больш за 368 тысяч подпісаў. Збор подпісаў працягваецца да 19 чэрвеня.

Штаб Бабарыкі патрабуе спыніць пераслед сваіх прыхільнікаў

КА belsat.eu

Hавiны