Сем сутак арышту далі грамадскаму актывісту Максіму Вінярскаму. Затрыманая актывістка Вольга Мікалайчык.
28 красавіка суд Першамайскага раёну Менску пакараў грамадскага актывіста Максіма Вінярскага арыштам на 7 сутак.
Пазней рэжысёрку і актывістку Вольгу Мікалайчык затрымалі на ганку яе хаты ў Менску.
Сведкам затрымання стаў актывіст Леанід Кулакоў, які прыехаў да Нікалайчык пасля таго, як сёння ў яе хату спрабавалі патрапіць трое невядомых.
У пэўны момант, калі Кулакоў пайшоў да аўта па плакаты, якія ён падрыхтаваў да першамайскай дэманстрацыі, каб паказаць іх Мікалайчык, да хаты падбяжалі двое ў цывільным.
«Яна была апранутая лёгка, па-хатняму, – распавядае Кулакоў. – Яе схапілі і пацягнулі ў сіні мікрааўтобус. Куды павезлі – невядома».
Паводле Леаніда Кулакова, яна не паспела зачыніць хату, а ён не ведае, дзе знаходзяцца ключы.
«Сяджу тут і старажу», – кажа Кулакоў «Белсату».
Імаверна, актывістку даставяць у Першамайскае РУУС, але каментару ад міліцыянтаў «Белсату» пакуль атрымаць не удалося.
Хутчэй за ўсё Вольгу Мікалайчык таксама чакае суд.
26 красавіка падчас «Чарнобыльскага шляху» Нікалайчык і Вінярскі былі сярод тых, хто трымаў у руках партрэты палітзняволеных. Удзел у пікеце браў і Кулакоў – цяпер мужчына дзівіцца, чаму не затрымалі яго.
Сама Мікалайчык сёння ў размове з «Белсатам» заявіла, што гэткімі захадамі ўлады, магчыма, спрабуюць перадухіліць падобны пікет на дазволенай першамайскай акцыі, якая пройдзе ў аўторак з 14 да 16 гадзіны ў Кіеўскім скверы паводле заяўкі Рады Беларускага кангрэсу дэмакратычных сілаў.
Менскія ўлады дазволілі незалежным прафсаюзам правесці першамайскую акцыю ўпершыню за 10 гадоў. Заяўнікі разлічваюць, што ўдзел у акцыі возьмуць каля двух тысячаў чалавек.
ДД