«Трэба перадусім думаць, як ратаваць жыцці беларусаў!» Гарадзенскія валанцёры дапамагаюць медыкам


Валанцёрскі рух у Горадні.
Фота: «Белсат»

На Гарадзеншчыне з’явілася неабходнасць дапамагаць шпіталям. «Мінздароўя закрыла ад беларусаў статыстыку па рэгіёнах, таму сітуацыю ў кожным варта разглядаць аднолькава», – лічыць група валанцёраў з Горадні.

Гарадзеншчына лічылася адносна «чыстай» ад каронавіруса, калі зазірнуць у статыстычныя звесткі пачатку красавіка. Інфармацыі няма, праблема ёсць, асабліва са сродкамі аховы для працаўнікоў паліклінік і шпіталёў, паказала агучаная напярэдадні інфармацыя пра 300 інфікаваных COVID-19 медработнікаў.

«Ужо тыдзень, як у Горадні дзейнічае валанцёрскі рух, які пачаў дапамогу медыкам у іх нялёгкай працы пад час пандэміі. Не сакрэт, што менавіта медыкі знаходзяцца ў авангардзе барацьбы з новым захворваннем, і часта ім бракуе рэчаў першай неабходнасці!» – адзначае адзін з валанцёраў гарадзенскай групы – Сяргей Герман.

Hавiны
У Менску памёр 38-гадовы кіроўца «хуткай дапамогі»
2020.04.15 17:19

Сувязь валанцёры трымаюць праз чат у Telegram-канале «Гродна/Валанцёры covid19». Каманда разнастайная – людзі розных узростаў, прафесіяў і палітычных поглядаў абменьваюцца карыснай інфармацыяй, даведваюцца пра патрэбы шпіталяў, дамаўляюцца аб супрацы, збіраюць сродкі гігіены і абароны для медыкаў. Гэта частка валанцёрскага руху #ByCovid19.

Валанцёрскі рух у Горадні.
Фота: «Белсат»

«Аказваць валанцёрскую дапамогу гарадзенскім медыкам для мяне – вельмі пачэсна. Маю шмат знаёмых дактароў рознай спецыяльнасці, амаль штодня з імі размаўляю, і разумею, як ім зараз цяжка!» – кажа валанцёр Андрэй Мялешка.

Валанцёры з розных куткоў краіны не раз адзначалі, што кіраўніцтва паліклінік і шпіталяў асцярожна ставіцца да дапамогі ад грамадскасці. Гарадзенская каманда прасачыла падобнае стаўленне. Затое шараговыя лекары самі актыўна выходзяць на сувязь. У гэтым жа чаце «Гродна/Валанцёры covid19» яны арыентуюць валанцёраў у патрэбах таго ці іншага шпіталя: дзе бракуе бахілаў, аднаразовых халатаў, масак і антысептыкаў.

Валанцёрскі рух у Горадні.
Фота: «Белсат»

«Улада, на жаль, успрымае нас, як «канкурэнтаў». Як і раней, баяцца ініцыятывы грамадзянаў. Абмяжоўваюць кіраўніцтва медустановаў. Але ў гэтай сітуацыі трэба перадусім думаць, як ратаваць жыццё беларусаў. Пытанне стаіць менавіта так, не інакш!» – падкрэслівае валанцёр Сяржук Верамеенка.

Па стане на 15 красавіка агульная колькасць інфікаваных каронавірусам у Беларусі вырасла да 3728. З іх 447 за апошнія содні. Таму гарадзенскія валанцёры застаюцца пільнымі. На базе «Цэнтру гарадскога жыцця» створаны часовы штаб збору сродкаў. Таксама ў «Цэнтры» валанцёры прымаюць ахоўныя пластыкавыя экраны-шчыткі на твар. Некалькі актывістаў наладзілі вытворчасць такіх шчыткоў. На 3D-прынтэры ці лазерным станку дэталі можна зрабіць, а сабраць – уручную. Таму дапамога ў працэсе – вітаецца. Усе сабраныя і зробленыя сродкі абароны валанцёры штовечар самастойна развозяць па шпіталях.

Валанцёрскі рух у Горадні.
Фота: «Белсат»

Цяпер большая ўвага валанцёраў засяроджаная на дапамозе медыкам, але ў далейшым яны плануюць дапамагаць людзям сталага веку. Гэта дапаможа разгрузіць сацыяльныя службы, якія цяпер дбаюць пра дастаўку прадуктаў і лекаў старэйшым асобам і асабліва – самотным.

«Схадзіць у краму за прадуктамі і вынесці смецце – не зойме шмат часу і высілкаў, калі абраць некалькі адрасоў у сваім раёне», – падкрэсліваюць у камандзе.

Валанцёрскі рух у Горадні.
Фота: «Белсат»

Ахвочыя дапамагчы гарадзенскаму валанцёрскаму руху #ByCovid19Гродна далучаюцца да Тэлеграм-чату. Звязацца можна таксама праз тэлефон па нумары +37529 2663803.

Алесь Дзянісаў Belsat.eu

Стужка навінаў