Улада Эрдагана можа ўзмацніцца

Прэзідэнт Турцыі, які апанаваў вайсковы пераварот, цяпер можа паспрабаваць змяніць канстытуцыю і пашырыць свае паўнамоцтвы.

Вайсковы пераварот – справа маргіналаў

Уначы частка высокіх афіцэраў турэцкага войска заявілі, што ўзялі зладу ў свае рукі – дзеля аднаўлення канстытуцыйнага ладу ў краіне. Адданыя ім жаўнеры ўжылі танкі ды іншую бранятэхніку, а таксама некалькі верталётаў. Путчысты перакрылі два з трох мастоў праз Басфорскі праліў, занялі сядзібу тэлеканалу TRT і загадалі вядоўцам зачытаць іхны зварот да нацыі.

«Сітуацыя ў краіне пад нашым кантролем. Мы не дапусцім да таго, каб нашыя грамадзяне пацярпелі і каб дзяржаўны лад быў знішчаны. Мы гарантуем непарушнасць усіх грамадзянскіх свабодаў. Савет як мага хутчэй падрыхтуе змены ў канстытуцыю і не дазволіць на дыскрымінацыю па рэлігійным, ці расавым прыкметам».

У першыя гадзіны суботы стала зразумела, што путч праваліўся. Рэджэпу Эрдагану ўдалося прызямліцца ў аэрапорце Стамбула, адкуль ён звярнуўся да да сваіх прыхільнікаў.

«Гэта меншасць у шэрагах турэцкага войска», – сказаў ён пра змоўнікаў.

«У Турцыі ёсць кіроўная партыя абраная народам. Ёсць прэзідэнт абраны народам і мы – на сваіх пастах. З дапамогай бога мы будзем выконваць свае абавязкі да канца і не аддамо нашую краіну захопнікам. Турэцкія жаўнеры не могуць страляць па свайму народу, сваім бацькам, братам і сёстрам. Народ даў вам гэтую зброю, і калі вы пойдзеце на гэта – вам давядзецца дорага за гэта заплаціць», – заявіў Эрдаган.

Жыхары Турцыі адразу масава выйшлі на вуліцы і пачалі раззбройваць жаўнераў. Паліцыя правяла масавыя арышты вайскоўцаў, ратуючы іх перад разʼюшаным натоўпам.

Большая частка сілаў паўстанцаў склала зброю. У шэрагу сутычак быў адбіты тэлеканал TRT і будынак парламенту. У другую палову дня паўстанне фактычна скончылася.

Эрдаган падкрэсліў, што супраць уладаў выступіла толькі маргінальная частка войска. Большасць генералаў, сапраўды, засталіся вернымі прэзідэнту. У выніку нават апазіцыя выступіла супраць збройнага перавароту. Каб падтрымаць Эрдагана, на вуліцы выйшлі тысячы чалавек.

«Я хачу падкрэсліць, што збройны сілы Турцыі знойдуць усіх адказных за спробу перавароту, у тым ліку і ў структурах улады. Ні адзін здраднік нацыі не сыдзе беспакараным. На гэтым момант шэраг афіцэраў штабу ўзятыя ў закладнікі паўстанцамі і ўтрымліваюцца ў невядомых месцах», – паведаміў генерал штабу збройных сілаў Турцыі Уміт Дундар.

Першы няўдалы пераварот у гісторыі

Уначы, калі падавалася, што ўлада Эрдагана зрынутая, перамогу паўстанцаў заўчасна святкавалі прыхільнікі Башара Асада ў Дамаску. Еўразвяз і Злучаныя Штаты заявілі, што падтрымліваюць дэмакратычна абраныя ўлады краіны. За апошнія паўстагоддзя гэта ўжо пятая спроба вайсковага перавароту ў краіне – і першая няўдалая.

  • Глядзіце матэрыял Усевалада Шлыкава «Правальны путч»

Вайсковае кіраўніцтва традыцыйна выступае за свецкую дзяржаву, Эрдаган жа які 15 год знаходзіцца ва ўладзе, вядзе палітыку мяккай ісламізацыі. Цягам двух апошніх гадоў ён безвынікова спрабуе змяніць канстытуцыю, каб яна давала яму  больш паўнамоцтваў. На сёння, прынамсі тэарэтычна, наймацнейшая асоба ў Турцыі – прэмʼер-міністр.

Пасля няўдалага перавароту Эрдаган, імаверна, зможа, нарэшце, выканаць свой план. Замежныя назіральнікі не сумняюцца, што зараз улада прэзідэнта толькі ўзмацніцца.

ДД, belsat.eu

Hавiны