Украінцы не лічаць Зяленскага найлепшым сярод прэзідэнтаў

Найлепшым прэзідэнтам грамадзяне Украіны лічаць Леаніда Кучму. Пра гэта сведчаць вынікі апытання, праведзенага 12-13 траўня сацыялагічнаю групаю «Рейтинг».

Агулам сярод усіх прэзідэнтаў незалежнай Украіны 20 % апытаных лічаць Леаніда Кучму найлепшым. Ён кіраваў краінай у 1994-2005 гадах і быў адзіным прэзідэнтам, пераабраным на другі тэрмін.

16 % рэспандэнтаў адказалі, што найлепшым прэзідэнтам з’яўляецца дзейны прэзідэнт Уладзімір Зяленскі, 13 % – Леанід Краўчук, 12 % – Пятро Парашэнка, 9 % – Віктар Януковіч і толькі 6 % – Віктар Юшчанка.

Уладзімір Зяленскі: «Надыдзе дзень, калі Крым вернецца ва Украіну»

14 % апытаных адказалі, што ні адзін з іх не лепшы, яшчэ 10 % не маглі адказаць. Часцей за ўсё Кучму і Януковіча абіралі жыхары паўднёва-ўсходніх рэгіёнаў, Парашэнку – заходне-цэнтральных. Зяленскага часцей называлі маладзейшыя рэспандэнты, а Краўчука – старэйшыя.

Параўнальна часцей рэспандэнты апісвалі часы прэзідэнтаў Кучмы і Зяленскага як эпоху развіцця ва Украіне. Як стагнацыю – гады кіравання Юшчанкі, заняпад – перыяд прэзідэнцтва Віктара Януковіча і Парашэнкі.

Жыхары Усходу і Поўдня часта давалі негатыўныя ацэнкі гадам кіравання прэзідэнтаў Юшчанкі і Парашэнкі. А жыхары Захаду і Цэнтру часцей ацэньваюць кіраванне Януковіча як спад.

МГ belsat.eu

Hавiны