Украінцы галасуюць у Менску: «Спадзяемся, што нешта зменіцца да лепшага»


Сёння ва Украіне першы тур прэзідэнцкіх выбараў – да сярэдзіны дня там ужо адзначалася высокая яўка выбарцаў. Прагаласаваць за свайго кандыдата таксама могуць украінцы, якія жывуць за мяжой. Карэспандэнтка Belsat.eu Кацярына Андрэева паглядзела, як гэта адбываецца ў Менску.

Галасаванне на ўчастку пры амбасадзе Украіны ў сталіцы Беларусі пачалося а 8 раніцы – супрацоўнікі выканалі нацыянальны гімн. Да поўдня тут сабралася даволі шмат людзей: яны ідуць бясконцым патокам, шмат хто прыходзіць цэлымі сем’ямі з дзецьмі.

Украінцы прыходяць цэлымі сем’ямі . Фота – belsat.eu

Атмасфера ажыўленая: шмат журналістаў (у тым ліку беларускіх дзяржаўных тэлеканалаў), прадстаўнікі выбарчай камісіі і назіральнікі ахвотна даюць ім каментары.

«Усяго на консульскім уліку тут стаяць 7 тысяч чалавек. Па стане на 12:00 ужо прагаласавалі 241. Для параўнання, на мінулых выбарах 2014 года прыйшлі ўсяго каля пяцісот выбарцаў за ўвесь дзень. Магчыма, мы чакаем цяпер у Беларусі самую вялікую яўку за гісторыю ўкраінскіх выбараў. Праблем пакуль што ніякіх не ўзнікае», – адзначае старшыня выбарчай камісіі Аксана Урублеўская.

Кіраўніца камісіі Аксана Урублеўская размаўляе з выбарцамі і тлумачыць ім працэдуру галасавання. Фота – belsat.eu

Яна падкрэслівае, што не з’яўляецца супрацоўнікам амбасады – бо яны не маюць права прымаць удзел у працэсе, а толькі прадастаўляюць тэрыторыю.

Выбарчы ўчастак у амбасадзе Украіны ў Менску. Фота – belsat.eu

Амбасадар Украіны Ігар Кізім звяртае ўвагу на тое, што стараецца «нават не заходзіць» на ўчастак пасля таго, як прагаласаваў сам.

Избирательный участок в посольстве Украины в Минске. Фото – belsat.eu

У адрозненне ад беларускіх выбараў урны – абсалютна празрыстыя

Уваход на ўчастак – паводле пашпартоў (замежных) і адмысловым запрашэнняў на выбары, якія амбасада даслала ўсім, хто стаiць на консульскім уліку, пры ўмове, што яны зарэгістраваліся онлайн да 25 сакавіка.

Выбарчы ўчастак у амбасадзе Украіны ў Менску. Фота – belsat.eu

Для галасавання адведзены невялікі зал у холе амбасады. На сценах вісяць партрэты ўсіх кандыдатаў з іх праграмамі, стаяць чатыры кабінкі, а пасярэдзіне – некалькі скрыняў з гербам Украіны. У адрозненне ад скрыняў на беларускіх выбарах, гэтыя – абсалютна празрыстыя. Відаць, што ў іх ужо апусцілі даволі шмат бюлетэняў.

Выбарчы ўчастак у амбасадзе Украіны ў Менску. Фота – belsat.eu

У суседнім зале накрыты невялікі стол з прысмакамі і кавай.

За бяспекай сочыць ахова амбасады, а на прылеглай да амбасады тэрыторыі дзяжураць некалькі міліцыянтаў. Яны перапісваюць дадзеныя ў прадстаўнікоў медыяў. З пяці назіральнікаў двое – сябры каманды кандыдата Уладзіміра Зяленскага. Паводле іх, ніякіх парушэнняў з пачатку галасавання зафіксавана не было.

Выбарчы ўчастак у амбасадзе Украіны ў Менску. Фота – belsat.eu

«З Данбасам трэба мірыцца»

Галасуюць не толькі жыхары Менску, сюды прыязджаюць і з рэгіёнаў. Для ўкраінцаў, зарэгістраваных у розных абласцях Беларусі, стаіць асобны стол, дзе яны прад’яўляюць пашпарты. Паводле Аксаны Урублеўскай, «людзі дабіраюцца па шэсць гадзінаў», каб прагаласаваць.

Выбарчы ўчастак у амбасадзе Украіны ў Менску. Фота – belsat.eu

Свае палітычныя сімпатыі большасць сустрэтых намі выбарцаў не хочуць афішаваць.

«Гэта канфідэнцыйная інфармацыя» – самы распаўсюджаны адказ на пытанне «Каго з кандыдатаў вы падтрымліваеце».

Двое нашых суразмоўцаў з Данецкай вобласці, кажуць, што галасавалі за Аляксандра Вілкула з Апазіцыйнага блоку, таму што ён збіраецца вырашаць праблему канфлікту ў Данбасе шляхам перамоваў.

«З Данбасам трэба мірыцца», – сцвярджаюць яны.

Так выглядае бюлетэнь на гэтых выбарах – там 39 кандыдатаў у прэзідэнты. Фота – belsat.eu

Ёсць і тыя, хто аддаў свой голас за дзейнага прэзідэнта Пятра Парашэнку:

«Падтрымліваю сённяшні курс уладаў, галасую за захаванне стабільнасці», – кажа мужчына гадоў сарака.

У той жа час, нам сустрэлася цэлая сям’я, якая ў 2014-ым выбірала Парашэнку, але «глыбока расчаравалася» ў ім як палітыку. Галоўная прэтэнзія – карупцыйныя схемы, якія працягваюць працаваць, нягледзячы на шматлікія заявы Парашэнка пра барацьбу з карупцыяй.

«Спадзяемся, што нешта зменіцца да лепшага», – кажуць людзі.

Выбарчы ўчастак у амбасадзе Украіны ў Менску. Фота – belsat.eu

«Нам, вядома, складана казаць пра Украіну, бо мы ўжо даўно жывем у Беларусі. Думкі ў нашым асяроддзі вельмі адрозніваюцца… У мінулы раз я прагаласавала за Парашэнку, таму што ён абяцаў спыніць вайну. Гэта ж самае галоўнае для нас. А цяпер што абяцае? Ужо ніхто не паверыць ягоным лозунгам, раз за пяць гадоў не спыніў», – кажа жанчына сярэдняга ўзросту.

Ейны знаёмы ўпэўнены, што будзе другі тур выбараў.

«Хутчэй за ўсё, у яго выйдзе Зяленскі. Я падтрымліваю яго, бо гэты чалавек у палітыцы новы, а астатнія больш за дваццаць гадоў там. Ёсць шанец, што прыйдзе чалавек, для якога мэта – сапраўды займацца краінай», – дадае хлопец.

Выбарчы ўчастак у амбасадзе Украіны ў Менску. Фота – belsat.eu

***

Да 14:00 на ўчастку прагаласавалі больш за чатырыста выбарцаў. Працэс завершыцца да 20:00. Вынікі, аднак, стануць вядомыя праз некалькі дзён, а не заўтра ў панядзелак.

Усяго на пасаду прэзідэнта Украіны прэтэндуюць 39 палітыкаў. Паводле дадзеных сацыялагічных апытанняў, толькі пяцёра з іх маюць рэальны шанец. Сярод лідараў гонкі – Пётр Парашэнка, Юлія Цімашэнка, Анатоль Грыцэнка, Уладзімір Зяленскі і Юрый Бойка.

Hавiны
Украіна выбірае прэзідэнта. Хроніка
2019.03.26 17:29

Кацярына Андрэева belsat.eu

Стужка навінаў