Украінскі амбасадар спадзяецца, што кіеўскі канал у Беларусі ўжо неўзабаве запрацуе


Украінскі тэлеканал у Беларусі можа пачаць працаваць яшчэ да Новага году. Пра гэта падчас экспертнага форуму «Беларусь-Украіна: двухбаковая позва ў турбулентным рэгіёне», арганізаванага «Менскім дыялогам», заявіў амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім.

Дыпламат распавёў, што ўсе неабходныя моманты і працэдуры выкананыя. На сёння чакае свайго вырашэння ўсяго толькі адзін тэхнічны момант. Але з лютага месяца бягучага году справа прыпынілася праз пазіцыю Міністэрства інфармацыі Беларусі.

«Мы вельмі доўга чакалі, пакуль нам Мінінфарм узгодніць рэгістрацыю. Кантракт быў гатовы да падпісання яшчэ ў лютым гэтага года, але не было дазволу ад Мінінфарма Беларусі. Потым у вашай краіне сталі ўносіць змены ў Закон аб СМІ, ён уступіў у сілу 1 снежня. Я казаў: тады канал павінен быць запушчаны 2 снежня. Але так не здарылася. Цяпер дазвол ад Мінінфарма ёсць, але з’явіўся тэхнічны момант – трэба падпісаць кантракт з новым аператарам. Але мы спадзяемся, што да новага года ўкраінскі канал будзе. Там навінавая стужка невялікая, больш культуры. Беларускі глядач пакуль не гатовы да такой інфармацыйнай бомбы, што ў нас паказваецца», – адзначыў Ігар Кізім.

Размовы пра трансляцыю ў Беларусі ўкраінскага тэлеканалу вядуцца з 2014 году. Дамоўленасць была дасягнутая падчас сустрэчы Пятра Парашэнкі з Аляксандрам Лукашэнкам. Але да гэтага часу тэлеканал так і не запрацаваў.

 

СК, belsat.eu, паведле TUT.BY

Стужка навінаў