Украінец прызнаўся, што яго завербавалі ў Беларусі


Жыхар Украіны прызнаўся СБУ у тым, што падчас перасячэння мяжы на пункце пропуску Невель пайшоў на супрацу з беларускім памежнікам. Украінец меўся збіраць і перадаваць беларускім спецслужбоўцам інфармацыю пра кантрабанду бурштыну і зброі ў Беларусь, а таксама ад яго патрабавалі весці падрыўную дзейнасць супраць Украіны.

Перадаванне інфармацыі падобнага характару замежным спецслужбам з’яўляецца дзяржаўнай здрадай. Але Ровенскі гарадскі суд вызваліў украінца ад крымінальнай адказнасці, паколькі чалавек сам прызнаўся пра факт вярбоўкі, а таксама яшчэ не здзейсніў злачынства.

Умовы вярбоўкі

Паводле пастановы суда, якая апублікавана ў інтэрнэце, справа выглядае як сапраўдная дэтэктыўная гісторыя.

Згодна матэрыялаў справы ўкраінец пайшоў на супрацу з беларускімі спецслужбоўцамі з карыслівых мэтаў. Памежнікі паабяцалі яму вырашыць любыя пытанні па перасячэнню дзяржмяжы з Беларуссю і перамяшчэння тавараў з Украіны. За гэта памежнік, які ў справе фігуруе як падпалкоўнік аператыўна-вышуковага аддзелу Пінскага памежнага камітэту, патрабаваў ад грамадзяніна Украіны сабраць інфармацыю пра асобаў, якія займаюцца кантрабандай. Акрамя таго «заданнем» было збор і перадача інфармацыі пра сітуацыю, што склалася вакол незаконнай здабычы бурштыну і кантрабанды гэтай сыравіны ў Беларусь.

Сустрэчы і патрабаванні памежнікаў

Падчас наступнай сустрэчы з беларускім памежнікам, ад украінца пачалі патрабаваць збор інфармацыі пра кантрабанду зброі.

А вось трэцяя сустрэча стала апошняй, паколькі спецслужбы нашай краіны папрасілі паведаміць пра супрацоўнікаў аператыўна-вышуковага аддзелу памежнікаў Украіны, іх дзейнасць на тэрыторыі Зарычненскага раёну, склад, кіраўніцтва. Беларускі падпалкоўнік жадаў ведаць пра спецсродкі, зброю памежнікаў Украіны, месцазнаходжанне і функцыянаванне памежных блокпастоў.

Прызнанне у вярбоўцы

Але замест збору інфармацыі грамадзянін Украіны самастойна прыйшоў да спецслужбоўцаў сваёй краіны і распавёў пра камунікацыю і «заданне» ад беларускіх памежнікаў. І толькі дзякуючы гэтаму звароту суд пастанавіў вызваліць мужчыну ад крымінальнай адказнасці. Паводле заканадаўства Украіны ў выпадку здзяйснення злачынства ўкраінцу магло б пагражаць да 15 гадоў пазбаўлення волі.

СК, belsat.eu

Стужка навінаў