Украіна папросіць Турцыю закрыць для Расеі пратоку Басфор


Такім чынам Украіна збіраецца адказаць на дзеянні Расеі ў Азоўскім моры. Пра гэта заявіў камандуючы ваенна-марскімі сіламі Украіны Ігар Варончанка, паведамляе 24tv.ua.

Ворончанка адзначыў, што Украіна будзе дзейнічаць у адпаведнасці з Канвенцыяй рэжыму пратокаў Мантрэ (артыкул 19).

Канвенцыя Мантрэ была падпісаная ў Швейцарыі ў 1936 годзе. Яна аднавіла суверэнітэт Турцыі над пратокамі Басфор і Дарданелы з Чорнага мора ў Міжземнае. Канвенцыя абавязвае Турцыю прытрымлівацца прынцыпаў міжнароднага права і забяспечваць свабоду праходу праз пратокі ў мірны час вайсковых караблёў любога тыпу пры ўмове, што турэцкія ўлады будуць папярэджаныя. Аднак караблі дзяржаваў, якія ваююць не маюць права праходзіць праз пралівы.

У інтэрв’ю нямецкаму выданню «Bild» прэзідэнт Украіны таксама паведаміў, што папросіць, каб краіны NATO накіравалі некалькі судоў у Азоўскае мора для забеспячэння глабальнай бяспекі.

Нагадаем, што 25 лістапада тры караблі ВМФ Украіны ішлі з Адэсы ў Марыупаль. Каб дасягнуць Марыупалю караблі мусілі прайсці праз Керчанскую пратоку і ўвайсці ў Азоўскае мора. Правілы карыстання Азоўскім морам і Керчанскай пратокай былі замацаваныя дамовай паміж Кіевам і Масквою ад 24 снежня 2003 года. Расейсцы палічылі, што ўкраінскія караблі парушылі дзяржаўную мяжу і адкрылі па іх агонь.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў