Украіна пагадзілася на «формулу Штайнмаера» для Данбасу


Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
Фота: Zuma Press – News/Forum

Украінская дэлегацыя пагадзілася 1 кастрычніка на «формулу Штайнмаера» ў пытанні ўрэгулявання канфлікту на ўсходзе краіны і асаблівага статусу для сепаратысцкіх рэгіёнаў Данбасу. Пра гэта на сваім брыфінгу ўвечары 1 кастрычніка заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

«Мы адказалі на ліст спадара [прадстаўніка АБСЕ на перамовах у Менску Марціна Зайдыка. – Рэд. belsat.eu] Зайдыка, што мы ўзгадняем тэкст «формулы Штайнмаера», – сказаў ён.

Hавiны
Мітынг супраць «формулы Штайнмаера» перад офісам Зяленскага. «Белсат» стрыміць
2019.09.19 16:45

Прэзідэнт падкрэсліў, што асаблівы статус прадугледжвае менавіта мясцовыя выбары на часткова акупаваных тэрыторыях. І яны павінны адпавядаць стандартам АБСЕ.

«Ніякіх выбараў пад рулямі кулямётаў не будзе», – заявіў кіраўнік украінскай дзяржавы.

Уладзімір Зяленскі адзначыў, што закон аб адмысловым статусе Данбасу ўжо дзейнічае ў Украіне. Яго новы варыянт павінен пачаць дзейнічаць з 2020 года.

«І ў гэтым законе не будзе перасечаная ніводная чырвоная лінія. Менавіта таму няма і ніколі не будзе ніякай капітуляцыі», – падкрэсліў Уладзімір Зяленскі.

Паводле яго, пра дату ўвядзення асаблівага статусу пакуль рана казаць.

Уладзімір Зяленскі асабліва падкрэсліў, што выбары на Данбасе будуць праходзіць выключна згодна з Канстытуцыяй Украіны. Пры гэтым ён адзначыў, што выбары не адбудуцца, калі там будуць знаходзіцца хоць якія-небудзь войскі.

«Формула Штайнмаера» прадугледжвае, што на часова акупаваных тэрыторыях пад кантролем і пры садзейнічанні АБСЕ адбудуцца мясцовыя выбары. Калі АБСЕ пацвердзіць, што выбары адпавядалі міжнародным стандартам, то ўступіць у сілу заканадаўства аб «адмысловым статусе» гэтых тэрыторый. Калі АБСЕ палічыць, што выбары прайшлі насуперак стандартам, то ніякага «асаблівага статусу» не будзе.

  • Кіеў згаджаецца на рэалізацыю гэтага плана толькі ў выпадку выканання наступных умоў:
  • поўнае спыненне агню;
  • забеспячэнне эфектыўнага маніторынгу спецыяльнай маніторынгавай місіі АБСЕ на ўсёй тэрыторыі Украіны;
  • вывад з тэрыторыі Украіны узброеных фармаванняў замежных войскаў і ваеннай тэхнікі;
  • развядзенне сіл і сродкаў ўздоўж усёй лініі судакранання;
  • забеспячэнне працы на акупаванай тэрыторыі Цэнтральнай выбарчай камісіі Украіны, украінскіх палітычных партыяў, СМІ і замежных назіральнікаў;
  • вяртанне кантролю на непадкантрольных Украіне участках расейска-ўкраінскай мяжы;
  • выкананне іншых пунктаў, прадугледжаных украінскім і міжнародным заканадаўствам і менскімі пагадненнямі.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў