Раней у Twitterʼы ваявалі паміж сабой зоркі сусветнага шоў-бізнесу, тролі рознай ступені дасціпнасці ды прэзідэнт Доналд Трамп з усімі сваймі апанентамі. Аднак цяпер Украіна і Расея перанеслі ў сацыяльную сетку канфлікт, які раней разгарэўся паміж двума краінамі на сапраўдных палях бою.
Як гэта часта бывае ў нашым рэгіёне, сучасная вайна мае тысячагадовыя гістарычныя карані.
Справа ў тым, што ў панядзелак прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін падчас візіту ў Францыю згадаў, што французскай каралевай была «расейская князёўна» Ганна Яраслаўна.
Аднак Ганна, якая выйшла за французскага караля Генрыха І у 1051 годзе, была дачкой кіеўскага князя Яраслава Уладзіміравіча, пра што ўсім і нагадаў афіцыйны Twitter-акаўнт Украіны.
«1051 год. Ганна Яраслаўна (Ганна Кіеўская) была каралевай-кансортам у якасці жонкі Генрыха І у 1051-1060, у той як у Маскве…», – зʼедліва адзначыла Украіна, праілюстраваўшы сітуацыю на месцы будучай Масквы фотаздымкам некранутага чалавекам бярозавага лесу.
Акаўнт Расеі ў Twitterʼы адрэагаваў класічнай спасылкай на «аднолькавую гістарычную спадчыну, якая не павінна дзяліць нашыя народы». У гэтым выпадку Расея згадала не толькі Украіну, але і Беларусь, хоць гісторыя трох краін зусім не аднолькавая. Згадаем, напрыклад, што ў той перыяд Полацкае княства ўжо было цалкам незалежным.
«Вы не змяняецеся на самой справе, праўда?» – адказаў акаўнт Украіны гіфкай з мультыплікацыйнага серыялу «Сімпсаны», у якім прадстаўнік Расеі ў ААН націскае на кнопку і шыльдачка «Расея» перад ім мяняецца на «Савецкі Саюз».
Гэтая гіфка сабрала рэкордныя ў гэтай віртуальнай «вайне» 34 тысячы рэтвітаў, а сама віртуальная спрэчка краін стала абʼектам абмеркавання нават сярод амерыканскіх карыстальнікаў і СМІ, якія звычайна засяроджаныя на ўнутрыамерыканскіх пытаннях:
«Украіна і Расія – Twitter-вайна паміж краінамі ў простым эфіры. Варта жыць зараз, каб такое бачыць».
«Я хачу вярнуцца ў 1998 год і сказаць пра гэта сцэнарыстам «Сімпсанаў»».
«Украіна падвесіла жыўца, і расейцы цалкам яе праглынулі».
Аляксандр Гелагаеў belsat.eu