Украіна абрала кіраўніка памеснай праваслаўнай царквы, ім стаў мітрапаліт Епіфаній

У Кіеве завяршыўся аб’яднаўчы сабор, ачольніка абіралі таемным галасаваннем.

15 снежня на ўстаноўчым саборы ў Кіеўскай Сафіі пад старшынствам прадстаўніка Канстанцінопальскага патрыярхату мітрапаліта Эмануіла Гальскага была ўтвораная аўтакефальная праваслаўная царква ва Украіне.

«Здзейснілася», – заявіў прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка, выступаючы перад людзьмі, якія сабраліся перад саборам.

Паводле яго, 15 снежня мусіць увайсці ва ўкраінскую гісторыю як дзень стварэння аўтакефальнай памеснай Праваслаўнай царква ва Украіне, «дзень канчатковага здабыцця незалежнасці ад Расеі».

«Украіна больш не будзе піць з маскоўскай чашы», – падкрэсліў кіраўнік украінскай дзяржавы пад крыкі натоўпу «Слава».

Звершилося! Цей день увійде в історію України як священний день, день створення Автокефальної Помісної Православної Церкви України, день нашого остаточного здобуття незалежності від Росії. І Україна тепер вже не буде пити, кажучи словами Тараса Шевченка, «з московської чаші московську отруту». Щойно представники УПЦ Київського Патріархату, УАПЦ та група єпископів УПЦ Московського Патріархату заснували об’єднану Церкву. Дозвольте представити вам її новообраного предстоятеля, Митрополита Київського та всієї України Епіфанія. Саме йому випадає почесна місія поїхати до Стамбула та отримати Томос.Я щиро вітаю вас з автокефалією і здобуттям нашої духовної незалежності. Слава Богу і слава Україні!

Opublikowany przez Петро Порошенко Sobota, 15 grudnia 2018

Пятро Парашэнка падкрэсліў, што гэта сталася магчымым дзякуючы падтрымцы Канстанцінопальскага патрыярха Варфаламея і Канстанцінопальскай царквы-маці.

Прэзідэнт Украіны адзначыў, што новую аб’яднаную царкву заснавалі сабор і ўсе епіскапы Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату і Украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, а таксама група епіскапаў Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату.

«Што гэта за царква? Гэта царква без Пуціна. Што гэта за царква? Гэта царква без Кірыла. Што гэта за царква? Гэта царква без малітвы за расейскую ўладу і расейскае войска. Гэта царква з Богам. Гэта царква з Украінай», – падкрэсліў украінскі прэзідэнт.

Хто такі Епіфаній?

Зверхнікам новай царквы стаў мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Украіны Епіфаній (Думенка). Ён разам з прэзідэнтам Украіны напачатку студзеня наведае Канстанцінопаль, дзе атрымае Томас (дазвол на аўтакефалію).

Епіфанію 39 гадоў. Ён нарадзіўся ў 1979 годзе ў Адэсе. З 2009 года – епіскап Вышгарадскі УПЦ Кіеўскага патрыярхату. З 2013 года – мітрапаліт Пераяслаўскі і Белацаркоўскі. Менавіта яго кандыдатуру высунула УПЦ КП у якасці свайго кандыдата на ўстаноўчы сабор Праваслаўнай царквы ва Украіне.

Стала вядома, калі Украінская праваслаўная царква атрымае Томас

Што такое аўтакефалія?

Аўтакефалія – гэта незалежная ад іншых царква, якая мае прызнаную за ёй тэрыторыю, дзе не маюць права дзейнічаць іншыя цэрквы. У адрозненне ад аўтаномных цэркваў, яна не ёсць часткай – іерархічна ці адміністрацыйна – іншай царквы і мае свайго ўласнага зверхніка з тытулам патрыярха, архіепіскапа ці мітрапаліта. Пры гэтым усе аўтакефальныя цэрквы звязаныя між сабой літургічна.

Галасаванне было таемным. Фота: president.gov.ua

Цяпер у свеце налічваецца 14 агульна прызнаных аўтакефальных праваслаўных цэркваў. Чатыры з іх адносяцца да старажытных патрыярхатаў: Канстанцінопальская (ці Сусветны патрыярхат), Александрыйская, Антыяхійская і Ерусалімская. Да малодшых патрыярхатаў належаць Расейская, Сербская, Румынская, Балгарская і Грузінская цэрквы. Яшчэ пяць цэркваў адносяцца да аўтакефальных архіепіскапій: Кіпрская, Грэцкая, Албанская, Польская і царква Чэшскіх земляў і Славаччыны.

Канстанцінопаль пачаў прадастаўленне аўтакефаліі Украінскай царкве

Гісторыя пытання

Вясной 2018 года прэзідэнт і Вярхоўная Рада Украіны, а таксама епіскапы УПЦ КП і УАПЦ, а таксама некаторыя прадстаўнікі УПЦ МП звярнуліся да Канстанцінопальскага патрыярхату з просьбай надаць украінскай царкве Томас – дазвол на аўтакефалію.

Фанар (рэзідэнцыя Канстанцінопальскага патрыярхату ў Стамбуле) станоўча ўспрыняў гэту просьбу і вырашыў выступіць арбітрам у развязанні амаль 30-гадовага ўкраінскага расколу. Імплементацыя гэтага рашэння пачалася восенню, пра што 31 жніўня канстанцінопальскі патрыярх Варфаламей паведаміў патрыярху маскоўскаму Кірылу.

Украіна сёння абірала кіраўніка памеснай праваслаўнай царквы. Фота: president.gov.ua

Ужо праз тыдзень Канстанцінопаль прызначыў ва Украіну сваіх экзархаў з ліку ўкраінскіх епіскапаў Паўночнай Амерыкі. А 14 верасня РПЦ афіцыйна спыніла ўсялякія кантакты з канстанцінопальскімі іерархамі. Сінод Сусветнага патрыярхату 11 кастрычніка адазваў перадачу Кіеўскай мітраполіі Маскве ў 1686 годзе, афіцыйна абвясціўшы сябе царквой-маці для ўкраінскіх праваслаўных. Апроч таго, былі прынятыя ў склад Канстанцінопальскага патрыярхату зверхнікі УПЦ КП і УАПЦ разам з усімі вернікамі, а таксама пацверджаны курс на аўтакефалію.

У адказ Сінод РПЦ на выязным паседжанні ў Менску 15 кастрычніка разарваў цалкам еўхарыстычныя зносіны з Канстанцінопалем, абвінаваціўшы Фанар у расколе.

Царкоўны раскол набірае абароты. РПЦ можа спыніць стасункі з Іерусалімам

Украінская царква магла атрымаць Томас яшчэ два гады таму

Тэрыторыі сённяшняй Украіны, як, дарэчы, і Беларусі, з моманту хрышчэння ў 988 годзе належалі да Кіеўскай мітраполіі Канстанцінопальскага патрыярхату. У 1686 годзе яны былі перададзеныя Маскве – у часовае кіраванне і з пэўнымі ўмовамі.

Спробы стварэння незалежнай украінскай праваслаўнай царквы рабіліся яшчэ пасля падзення Расейскай імперыі, але ўсе яны былі здушаныя савецкімі ўладамі. У 1989 годзе ў Львове была абвешчаная Украінская аўтакефальная праваслаўная царква (УАПЦ). А ў 1991 годзе сваю незалежнасць абвясціла і частка іерархаў, святароў ды вернікаў на чале з мітрапалітам Кіеўскім Філарэтам. Але ў Маскве гэтага рашэння не зацвердзілі. У выніку адбыўся раскол УПЦ на дзве часткі: тую, якая засталася ў складзе Маскоўскага патрыярхату (УПЦ МП), і тую, якая стварыла свой уласны Кіеўскі патрыярхат (УПЦ КП). Пры гэтым ні УАПЦ, ні УПЦ КП, якія не здолелі аб’яднацца між сабой, не былі прызнаныя іншымі праваслаўнымі аўтакефальнымі цэрквамі і фактычна былі ў расколе ад сусветнага праваслаўя.

Пытанне надання аўтакефаліі мусіла разглядацца яшчэ на Усеправаслаўным саборы 2016 года, які Расейская праваслаўная царква са сваімі саюзнікамі байкатавала.

МГ/belsat.eu

Hавiны