Удзельніцу «Маршу абураных беларусаў» пазбавілі маёмасці і змясцілі ў Навінкі

Актыўная ўдзельніца пратэстаў прадпрымальнікаў і «Маршу абураных беларусаў» Галіна Лагацкая ўжо 10 дзён застаецца на лячэнні ў Цэнтры псіхічнага здароўя ў Навінках.

Паводле знаёмых, Галіну Лагацкую змясцілі ў шпіталь пасля таго як судовыя выканаўцы забралі з дому жанчыны маёмасць, апісаную за неаплачаныя штрафы, сума якіх дасягае амаль трох тысячаў рублёў. Падчас апісвання маёмасці, актывістка пачала пратэставаць супраць дзеянняў працаўнікоў суда, і нібыта пагражала суіцыдам. Адна з сябровак жанчыны сцвярджае, што Галіна Лагацкая нібыта сама падпісала паперы з просьбай змясціць яе ў Навінкі.

У 2016-м годзе актывістку пакаралі штрафам за ўдзел у акцыі пратэсту з плакатам «Прадпрымальнік – сумленны чалавек, а ўлада бандыцкая». Адметна, што заяву ў міліцыю, пазнаўшы жанчыну на адным фота з пратэсту, напісаў ейны сусед Валер Мілевіч. Пасля ж, у лютым 2017-га, Галіна Лагацкая адбыла 10 содняў арышту за ўдзел у «Маршы абураных беларусаў».

belsat.eu

Hавiны