Удзельніка адзіночнага пікету каля МУС затрымала міліцыя


Актывіста Пятра Маркелава затрымалі за патрабаванне заблакаваць сайт міністэрства ўнутраных справаў.

Паводле Змітра Кантаровіча, калегі актывіста, Маркелава даставілі ў Маскоўскі РАУС. Яму прадставілі абвінавачванне паводле часткі 3 артыкулу 23.34 КоАП («парушэнне арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў, учыненае паўторна цягам года»).

Дзяжурны Маскоўскага РАУС Менску не пацвердзіў «Белсату» затрымання актывіста.

Тэлефон Маркелава адключаны.

31 траўня Пётр Маркелаў выйшаў да галоўнага будынку МУС з плакатам «Заблакуйце 86.57.250.202». IP-адрас 86.57.250.202 належыць дамену інтэрнэт-старонкі Міністэрства ўнутраных справаў – mvd.gov.by.

Пятра Маркелава сёлета ўжо затрымлівалі за ўдзел у вулічнай акцыі. Ён – адзін з актывістаў кампаніі Legalize Belarus, якая прапагандуе дэкрыміналізацыю лёгкіх наркотыкаў і выступае супраць жорсткіх пакаранняў па артыкуле 328 Крымінальнага кодэксу.

Старонку кампаніі – legalize.by – у Беларусі заблакавалі паводле ініцыятывы беларускай міліцыі. Цяпер Маркелаў упэўнены, што лагічна было б зараз заблакаваць старонку самога МУС.

«Наш сайт legalize.by заблакавалі за нібыта «прапаганду ўжывання марыхуаны». Пасля гэтага перасталі працаваць яшчэ тры сайта, якімі я валодаю. Яны без усялякіх падставаў заблакавалі цэлы сервер з больш, чымся 300 сайтамі! У той жа час, само міністэрства дазваляе сабе выказванні, якія спараджаюць гвалт у адносінах да ЛГБТК. Я супраць якіх-небудзь абмежаванняў у інтэрнэце ці цэнзуры, але ў гэтым кантэксце блакаванне сайта МУС было б паслядоўным і лагічным», – заяўляў Маркелаў.

Цяпер актывісту пагражае штраф ад Br 490 да 1225 або адміністратыўны арышт.

ДД

Стужка навінаў