«Ударыў аб зямлю і кінуў мёртвым у груду целаў». Успаміны вязняў Аўшвіц-Біркенаў


Каля 200 былых вязняў канцлагера Аўшвіц-Біркенаў і шматлікія дэлегацыі з каля 60 краін бяруць удзел ва ўрачыстых мерапрыемствах, прымеркаваных да 75-х угодкаў вызвалення канцлагеру. Напярэдадні з журналістамі сустрэліся яго былыя вязні. Belsat.eu запісаў ўспаміны сведкаў тых трагічных падзей.

Ігар Маліцкі

Ігар Маліцкі. Вязень Аўшвіц-Біркенаў. Трапіў у канцлагер у 17 гадоў. Тут яго шакавалі здзекі і масавае забойства жанчын і дзяцей. Наперадзе яго чакалі яшчэ два канцлагеры.

«Адна нямецкая арганізацыя арганізавала для былых вязняў адпачынак у польскім горадзе Вісла. Падчас гэтай паездкі мне прадставілася магчымасць паехаць у Аўшвіц. Я не магу перадаць, што я тады адчуваў. Я ўспомніў усё, што тады са мной адбывалася.

Калі я падышоў да гэтага ўзарванага падвалу-газавай камеры, то адразу ўспомніў, як нас – сямнаццацігадовых хлопцаў – прымушалі выцягваць адтуль трупы. Мой сябар Толя крычыць мне: «Маёр (у мяне тады была такая мянушка), тут хлопчык крычыць!» Я падумаў, што гаворка ідзе пра каго-небудзь з нашай групы. Кажу: «Супакой яго! Мы ж ужо не першы раз гэта бачым». «Не – кажа ён, – гэта маленькі хлопчык!».

«Калі я туды падышоў, убачыў цела аголенай жанчыны – я нават памятаю яе прыгожы твар – а каля яе грудзей поўзае жывое дзіця. Яно не быў атручанае газам. І тады я спытаў нашага старэйшага, што рабіць. Той параіў мне сказаць, што дзіця – жывое. Я выйшаў і кажу: «Спадар афіцэр СС, дзіця жывое!» Я ўжо добра размаўляў па-нямецку, там хутка навучылі. Ён яго ўзяў за ножкі, стукнуў аб зямлю і кінуў мёртвым у кучу з целамі».

Давід Левін

Давід Левін. Былы вязень Варшаўскага гета. Перажыў некалькі канцлагераў. Яго бацькоў забілі ў газавых камерах, а старэйшы брат загінуў падчас паўстання ў Варшаўскім гета.

«У 1942 годзе мяне з братам Рышардам схапілі ў Варшаве і адправілі ў канцлагер Майданэк. Там мы будавалі лагер і працавалі на палях. Неяк я скраў жменю агуркоў з поля. Гэта ўбачыў афіцэр СС. Мяне збілі да паўсмерці, затым збілі зноў».

«Я выжыў толькі таму, што цудам змог уладкавацца на кухню. Я працаваў там з маім братам. Аднойчы нас вывелі з кухні і адправілі ў Аўшвіц-Біркенаў. Пазней я даведаўся, што майго брата застрэлілі адразу пасля прыбыцця ў лагер, я не ведаю чаму. Я не магу перажыць гэтага да сённяшняга дня…».

Ксенія Альхова

Ксенію Альхову да вайны звалі Крысціна Зянкевіч. Яе, сястру і маці немцы выслалі ў Аўшвіц-Біркенаў пасля падаўлення Варшаўскага паўстання.

«Былі моманты, калі не хацелася жыць. Мы да такой ступені стаміліся ад усяго гэтага, што жыць проста не хацелася. Аднак дарослыя вязні нам казалі: вы павінны выжыць! Яны кармілі нас, а мы не маглі есці – цынга. Гэта страшная хвароба. У нас хварэў рот, мы не маглі есці. Затым пачалася дыстрафія. Я не ведаю, чаму нас немцы не знішчылі, бо быў загад Гітлера і Гімлера: «Варшаву зраўняць з зямлёй, а ўсіх тых, хто выжыў – знішчыць». Нас везлі туды на знішчэнне. Маму нашу адправілі, магчыма, у Равэнсбрук. Мы не змаглі яе знайсці, на жаль».

Марыя Херль

Марыю Херль да вайны клікалі Галіна Булахава. Яе разам з маці нацысты адправілі ў Аўшвіц-Біркенаў пасля аперацыі супраць партызан Беларусі. Марыі было ўсяго два гады.

«Першым маім успамінам быў дзіцячы дом, лагера я не памятаю. У мяне не было ні даты нараджэння, ні імя, ні прозвішча, толькі лагерны нумар. Я не ведала, што ў мяне беларускае паходжанне. Мяне ўдачарыла і выхавала польская сям’я».

«Праз 17 гадоў я даведалася, што па радыё хтосьці шукаў двзвюх дзяўчат, у якіх быў вытатуяваны лагерны нумар. І шукалі менавіта мой нумар. Так у мяне стала дзве маці. Мая сапраўдная мама пазней распавяла пра тое, як нас вывезлі ў Аўшвіц. Усё жыццё я хавала гэты лагерны нумар і насіла вопратку з доўгімі рукавамі. Мне было вельмі важна, каб ніхто не ведаў, дзе я была».

У 75-ю гадавіну вызвалення канцлагера Аўшвіц-Біркенаў у Польшчы арганізаваны памятныя мерапрыемствы з удзелам каля 200 вязняў, якія выжылі, а таксама прадстаўнікоў каля 60 дзяржаў і міжнародных арганізацый – Рады Еўропы, ААН і ЮНЕСКА.

«Белсат» праводзіць наўпроставую трансляцыю з афіцыйнага мерапрыемства. Паглядзець яе можна будзе на нашым сайце Belsat.eu, YouTube-канале «Вот так», Facebook-аккаунте «Белсат»-по-русски і ў эфіры тэлеканала. Пачатак – а 17:15 паводле часу Менску і Масквы.

Чытайце і глядзіце па тэме:

Аляксандр Папко, ДШ/АА, belsat.eu

Стужка навінаў