У ЗША дэмакраты атрымалі большасць у ніжняй палаце Кангрэсу і здолеюць абвесціць імпічмент Трампу?

Прадстаўнікі Дэмакратычнай партыі ўпершыню за восем гадоў атрымаюць большасць у Палаце прадстаўнікоў і змогуць ініцыяваць імпічмент Трампа. Аднак перамога рэспубліканцаў у Сенаце робіць немагчымаю рэалізацыю гэтай працэдуры, бо без падтрымання дзвюх трацінаў Сенату ім не ўдасца прыняць такой пастановы.

  • Рэспубліканская партыя не толькі захавала большасць у Сенаце, але і павялічыла сваю перавагу.
  • Колькасць жанчын у палаце прадстаўнікоў стане рэкорднай.
  • Упершыню ў гісторыі ў Кангрэс абралі жанчын-мусульманак і жанчын індзейскага паходжання
  • Таксама ўпершыню ў гісторыі ЗША губернатарам аднаго са штатаў стаў адкрыты гей.

Прэзідэнт Трамп павіншаваў лідара дэмакратаў у Кангрэсе Нэнсі Пэласі з перамогай у Палаце прадстаўнікоў.

Сам кіраўнік Белага дому назваў прамежкавыя выбары «надзвычайна паспяховымі» і падзякаваў усім выбарцам.

Што дае перавага дэмакратаў у Палаце прадстаўнікоў?

Большасць у Палаце прадстаўнікоў дазволіць дэмакратам аднавіць расследаванне магчымай змовы перадвыбарчага штабу Трампа з Расеяй. Таксама яны змогуць змушаць рэспубліканцаў прымаць іх нязручныя для сябе рашэнні, напрыклад, як павелічэнне мінімальнага заробку, выдаткаў на сацыяльныя патрэбы, стрымліваць заканатворчыя парывы адміністрацыі Трампа і адмаўляць у фінансаванні ягоным ініцыятывам.

Паводле папярэдніх падлікаў, у выбарах маглі паўдзельнічаць каля 100 млн чалавек. Больш за 31 млн амерыканцаў прагаласавалі датэрмінова. Гэта можа быць самая высокая яўка за апошнія 50 гадоў.

Выбары называюцца прамежкавымі, бо адбываюцца паміж дзвюма прэзідэнцкімі кампаніямі.

ДР belsat.eu

Hавiны