У Жлобіне медыкам забаранілі прымаць дапамогу. Валанцёр: «Робім гэта таемна»


Колькасць хворых на каронавірус у горадзе металургаў афіцыйныя крыніцы не падаюць. 7 красавіка санітарны лекар Гомельскай вобласці Аляксандр Тарасенка паведаміў, што на Жлобіншчыне зарэгістравалі адзін выпадак COVID-19 – у жанчыны, якая вярнулася з аздараўлення.

Днямі тэлеграм-канал «Баста!» апублікаваў дакумент, згодна з якім галоўны лекар Жлобінскай ЦРБ Яўген Топчый забараніў сваім падначаленым агалошваць «пабочным асобам» інфармацыю аб наяўнасці альбо неабходнасці сродкаў індывідуальнай абароны ў медустанове. Belsat.eu дазваніўся да Яўгена Топчыя, аднак галоўны медык Жлобіншчыны адмовіўся каментаваць гэткае рашэнне, як і ўвогуле наяўнасць такога распараджэння.

– Усю інфармацыю глядзіце ў афіцыйных крыніцах.

– Аднак ці праўда, што вы забаранілі агалошваць такую інфармацыю медыкам? – запыталіся мы ў галоўнага лекара.

– У мяне вельмі шмат працы, да пабачэння! – праз секунду ў слухаўцы пачуліся кароткія гудкі.

Распараджэнне галоўнага лекара Жлобінскай раённай цэнтральнай больніцы, як аказалася на практыцы, датычыць не толькі забароны для мясцовых медыкаў агалошваць падобную інфармацыю, але і наагул прымаць якую-кольвек дапамогу ад насельніцтва, кажуць валанцёры.

– Не так даўно ў Жлобіне праходзіла сустрэча з блогерам Сяргеем Ціханоўскім, на якой прысутнічаў і я, – распавядае жыхар раённага цэнтру Андрэй. – Падчас гэткай сустрэчы ў нас узнікла ідэя зарганізаваць дапамогу нашым лекарам. Спачатку спрабавалі сабраць у каго што ёсць – маскі, нейкія пальчаткі. Прайшліся па аптэках, купілі, што было, і аднеслі ў прыемны пакой. Там падзякавалі і прынялі гэты невялічкі пакет. Медыкі на той час паведамілі, што бракавала, да прыкладу, шапачак, бахілаў, і асабліва – акуляраў.

Hавiны
Польшча адправіць у Беларусь гуманітарную дапамогу з маскамі і антысептыкам
2020.04.22 14:36

Пасля таго, як размова з лекарамі з’явілася ў адным з тэлеграм-каналаў, выйшла і гэтае распараджэнне.

– А таксама вусная забарона прымаць дапамогу ад валанцёраў, бо ў шпіталі, маўляў, усяго хапае, – кажа Андрэй.

Наступную перадачу, кажа суразмоўца belsat.eu, як і чакалася, не прынялі, таму зборку аднеслі ў Жлобінскі сацыяльна-педагагічны цэнтр з дзіцячым сацыяльным прытулкам.

Hавiны
Як працуе ініцыятыва ByCovid19? Вялікі фотарэпартаж
2020.04.17 07:00

Паколькі ў шпіталі адмовіліся ад дапамогі, магчыма, жлобінскім медыкам сапраўды ўсяго хапае?

– Сітуацыя са сродкамі абароны ў нас выглядае някепска, – кажа адная з мясцовых доктарак. – Ёсць маскі, пальчаткі. Самыя медыкі ходзяць у поўным абмундзіраванні. Па чуткам, у тэрапеўтычным аддзяленні ёсць падазрэнне на каронавірус, таму яго зачынілі на каранцін. Цяпер кантакты чакаюць вынікі тэстаў. Астатнія ж аддзяленні працуюць у штатным рэжыме.

Аднак усё адно – берагчыся трэба, і любыя сродкі абароны для медыкаў залішнімі не будуць, дадае лекарка.

– Пакуль у Жлобін мы нічога не адпраўлялі, – кажа адзін з каардынатараў кампаніі ByCovid-19 Андрэй Стрыжак, якая аказвае дапамогу шпіталям па ўсёй краіне. – Паўсюль прыблізна аднолькавая сітуацыя. На той жа Віцебшчыне выпадкаў захворвання на каронавірус больш, таму менавіта туды ў найбольшай ступені скіраваныя нашыя рэсурсы. Цяпер ёсць спадзяванні на тое, што 700 тысяч рэспіратараў, якія закупіў IT-бізнес, троху зменяць сітуацыю.

Андрэй Стрыжак

Сёння жлобінскія актывісты чарговы раз аднеслі для мясцовых медыкаў маскі і пальчаткі.

– Маладая доктарка ўзяла толькі для сябе і медсястры, астатняе вярнула – распаўсюджваць сярод калегаў пабаялася, – распавялі валанцёры. – Таксама папрасілі паглядзець акуляры, бо ім выдалі не вельмі зручныя. Атрымоўваецца, што даводзіцца дапамагаць таемна.

– Калі б дапамогу зарганізавалі БРСМ ці «Белая Русь», то гэта б падалі як належнае, а на дзяржаўных каналах з’явіліся б хвалебныя сюжэты, – кажа Андрэй. – А так у ЦРБ, напэўна, палічылі, што мы вырашылі «хайпануць» на гэтым.

Што ж да настрояў самых жлабінчанаў, кажа суразмоўца, то ў раённым цэнтры шмат з тых, з кім давялося паразмаўляць, лічаць, што пандэмія іх не датычыць.

– Літаральна адзінкавыя людзі носяць маскі. Людзі глядзяць дзяржаўныя каналы, па якім кіраўнік Беларусі кажа, што ніякага каронавірусу няма, ёсць толькі псіхоз. Таму і захаванне перад небяспекай такое, што нават кіраўніцтва шпіталю лічыць – усё пад кантролем, дапамога не спатрэбіцца.

ВБ Belsat.eu

Усё па тэме каронавіруса чытайце тут.

Стужка навінаў