У «YouTube'е» з'явіўся беларускамоўны канал для самых маленькіх


Гэткім чынам сям’я журналісткі Волі Чайчыц вырашыла выправіць сітуацыю з нястачаю дзіцячага кантэнту ў інтэрнэце па-беларуску.

У першым роліку трохгадовая Вера Козел, дачка журналістаў «Белсату» Вольгі Чайчыц і Андруся Козела, лепіць з цеста мядзведзяў розных колераў і называе іх.

«Веры падабаецца здымацца, яна добра ведае, што такое відэакамера і мікрафон, бо з нараджэння ездзіла на здымкі нашых сюжэтаў у слінгу, пакуль мама і тата працавалі», – распавядае Воля Чайчыц.

Паводле журналісткі, ейныя дзеці актыўна глядзяць відэа ў «YouTubeʼе», але ім бракуе беларускага кантэнту – па-беларуску і пра Беларусь.

«Мы вырашылі рабіць канал, дзе будзем разам вучыць беларускую мову, вандраваць па Беларусі, рабіць агляды беларускіх месцаў, цэнтраў, пляцовак, ездзіць на святы. Гэта разлічана менавіта на маленькага гледача. Таксама хочам рабіць майстар-класы, вопыты. Збіраемся зрабіць аўдыяказкі па-беларуску для «Youtube» – пакуль іх няма, але плануем, – распавядае Чайчыц. – Будзем таксама паказваць гульні, у якія гуляем самі, сваёй сям’ёй ці з сябрамі».

Нашая калега кажа, што здымкі першага роліку прайшлі хутка, а вось мантаж заняў амаль цэлы дзень. Мантуе журналістка самастойна.

Воля і Вера абяцаюць новыя выданні ды заахвочваюць падпісвацца.

«Відэа будзем рабіць на розных мовах, каб прыцягнуць і расейскамоўных беларускіх дзетак», – дадае Чайчыц.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў