У выніку землятрусу ў Інданезіі загінулі больш за 800 асобаў

Прычынай трагедыі стала цунамі, выкліканае землятрусам. Загінулі прынамсі 832 асобы.

Улады Інданезіі мяркуюць, што пацверджаная колькасць загінулых будзе павялічвацца па меры таго, як ратавальнікі будуць дасягаць аддаленых населеных пунктаў, адрэзаных ад камунікацыяў і дапамогі.

Раней паведамлялася, што дзясяткі людзей аказаліся ў пастцы ў абломках двух гатэляў і гандлёвага цэнтру ў горадзе Палу (знаходзіцца на востраве Сулавесі), узбярэжжа якога ў пятніцу накрылі хвалі, выкліканыя землятрусам сілай 7,5 бала. Маладую жанчыну выцягнулі з гатэлю «Roa Roa», у рэштках якога, як меркавалася, аказаліся ў пастцы да 60 асобаў. Сотні людзей сабраліся ў разбураным гандлёвым цэнтры, дзе шукалі сваіх блізкіх.

Віцэ-прэзідэнт Інданезіі Юсуф Кала заявіў, што колькасць ахвяраў стыхіі можа дасягнуць тысячаў асобаў.

28 верасня на Сулавесі абрынулася цунамі.

Паведамляецца, што гэта здарылася пасля таго, як улады адмянілі папярэджанне аб небяспецы. У сваю чаргу ўлады сцвярджаюць, што хвалі прыйшлі да берагу ў момант дзеяння папярэджання.

НМ, belsat.eu, паводле Reuters, фотаздымак Antara Foto/Muhammad Adimaja/ Forum

Hавiны