У Воршы бастуюць каля 50 кіроўцаў «Яндекс. Такси»


У Воршы і ў Віцебску 31 студзеня пачаўся бестэрміновы страйк працаўнікоў службы «Яндекс. Такси».

Як паведамляюць чытачы belsat.eu, кіроўцы «Яндекс. Такси» ў Воршы адмаўляюцца працаваць, бо пачаў падаць гарантаваны заробак у содні. Каля 50 чалавек сабраліся каля лядовай арэны, размаўляюць і абмяркоўваюць, што рабіць далей.

Тым таксістам, хто працягвае працаваць, яны робяць ілжывыя выклікі, заклікаючы пасля далучыцца да страйку.

Аналагічная акцыя пратэсту напярэдадні прайшла і ў Віцебску.

На запыт belsat.eu у менскім офісе кампаніі «Яндекс» патлумачылі, што «Яндекс. Такси» – гэта інфармацыйны сэрвіс, а не служба таксі.

«У нас няма сваіх кіроўцаў і машынаў. Сэрвіс працуе з паркамі-партнёрамі, якія, у сваю чаргу, супрацоўнічаюць з кіроўцамі. Мы бачылі адно паведамленне пра страйк ў мясцовым СМІ, але ў нас няма пацверджання нават пра тое, што гэтыя кіроўцы падлучаныя да нашага сэрвісу. Мы застаемся на сувязі з паркамі-партнёрамі ў абодвух гарадах. Сэрвіс працуе ў звычайным рэжыме, а ў Віцебску кіроўцаў на лініі сёння нават больш, чым звычайна», – адзначылі ў прэс-службе кампаніі «Яндекс».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў