У верасні ў Менск прыедуць 90 касманаўтаў з усяго свету


Сёлета ў Менску пройдзе міжнародны кангрэс Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў.

Форум пройдзе ў Менску з 9 па 15 верасня. Намеснік старшыні прэзідыума Акадэміі навук Сяргей Кілін паведаміў журналістам, што агулам у ім возьмуць удзел каля 90 касманаўтаў з 19 краінаў – Аўстрыі, Кітаю, Нідэрландаў, Нямеччыны, Швецыі і іншых дзяржаваў.

«Найвялікшыя дэлегацыі – з Расеі і ЗША», – паведаміў Кілін.

«Інтэрфакс» падае, што кангрэс наведаюць Святлана Савіцкая, першая жанчына, якая выйшла ў адкрыты космас, і былы рэкардсмен па знаходжанні ў адкрытым космасе Сяргей Крыкалёў.

«Будзе і такая легендарная асоба, як Віктар Савіных, які рэанімаваў станцыю «Салют-7», і амерыканец Скот Кэлі, які разам з Міхаілам Карніенкам на працягу года вывучаў, як рэагуе арганізм на працяглую адсутнасць гравітацыі», – дадаў Кілін.

У межах кангрэсу Менску адкрыюць помнік беларускім касманаўтам – Пятру Клімуку, Уладзіміру Кавалёнку і Алегу Навіцкаму, – а ў сталічным батанічным садзе з’явіцца Алея касманаўтаў.

Над памятным знакам у гонар беларускіх касманаўтаў працаваў беларускі скульптар Іван Міско. Фота – Лізавета Дабрыцкая / «Минск-новости»

На 12 верасня арганізатары форуму запланавалі «Community day», падчас якога касманаўты сустрэнуцца са студэнтамі менскіх вучэльняў.

ДД

Стужка навінаў