У Кітаі вылечылі 47 204 пацыентаў, у якіх раней выявілі каронавірус. Але пры гэтым інфекцыя забрала жыцці ў 2 943 чалавек, паведамляе Нацыянальная камісія па ахове здароўя Кітаю.
Усяго ў Кітаі зарэгістравана 80 151 пацверджаных выпадкаў інфікавання на каронавірус. Медыкі адсочваюць 664 899 шчыльных кантактаў з інфікаванымі, 40 651 асобаў пад медычным назіраннем.
З моманту з’яўлення новага каронавірусу ў Кітаі памерлі 2 943 чалавекі, 47 204 ачунялі і выпісаныя са шпіталяў. Медыкі адзначаюць, што колькасць захворванняў у Паднябеснай змяншаецца.
У свеце медыкі зарэгістравалі 90 936 інфікаваных. Вірус забраў жыцці 3 117 асобаў. 47 995 чалавек паправіліся і выпісаныя са шпіталяў.
Інфекцыя распаўсюджваецца ў Еўропе. Паводле САЗ, у еўрапейскім рэгіёне выяўленыя 2 734 выпадкі заражэння каронавірусам. Ад інфекцыі памерлі 56 чалавек.
Найбольшая колькасць інфікаваных у Італіі. Тут выяўлена 2 036 выпадкаў. Еўразвяз павысіў рызыку захворвання з сярэдняга да высокага і стварае крызісны штаб.
2 сакавіка намесніца міністра аховы здароўя Наталля Жукава на брыфінгу ў Менску заявіла, што ў Беларусі тры зарэгістраваныя выпадкі каронавірусу.
Пра гэта сведчаць вынікі лабараторных даследаванняў. Ведамства плануе адправіць вынікі аналізаў і тэстаў у лабараторыю Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, каб канчаткова іх пацвердзіць, паведаміла Наталля Жукава.
СК belsat.eu