Стрым: праваабаронцаў цягалі за валасы і выкручвалі рукі. Цяпер іх судзяць

Суды распачнуцца а 12:00.

Сённяшняе судовае паседжанне перанеслі, прычыну сакратар суду патлумачыць не змог. Як распавялі праваабаронцы, прычына пераносу – справы не паступілі з РУУС.

Судзіць будуць назіральнікаў Насту Лойку, Андруся Крэчку, Максіма Кавалёва, Таццяну Самнікаву.

Намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч прыйшоў у суд, каб выказаць салідарнасць і сваё стаўленне да затрыманняў, якія адбываліся ўчора:

«Палітычная ацэнка затрыманням і дзеянням міліцыі, якія не адпавядалі ні беларускаму заканадаўству, ні здароваму сэнсу будзе дадзеная. Бо гэта непрымальна».

«Ужо шмат гадоў Лукашэнка баіцца людзей на праспекце, на Плошчы, ён панічна баіцца людзей на вуліцы. Думаю, такія прэвентыўныя арышты не першы і не апошні раз», – адзначыў Яўген Афнагель.

Пра раптоўнае вызваленне распавёў і актывіст Максім Вінярскі:

«Зайшлі ў камеру, сказалі збірацца з рэчамі. Я падумаў, што збіраемся ў іншую камеру або пераводзяць у іншы будынак. Спусцілі разам з іншымі затрыманымі на іншы паверх. Сталі выдаваць рэчы і кудысьці выводзіць. Пакуль мы не дайшлі да «стакана», я не ведаў, што гэта вызваленне. Я скажу, што мы ўсе ў гэтай краіне аднолькава зняволеныя».

На месцы прысутнічае і Уладзімір Някляеў, які заявіў:

«Мяне не здзіўляе (затрыманні). Паказаць, хто ў доме гаспадар: што мы вам дазволілі – рабіце. Іншае, што гэта адбылося ў святочную дату. Я ўскладаў спадзяванні, што гэта не будзе свята апазіцыі. Яны так падалі: мы вам дазваляем. Што вы ператвараеце гістарычную дату ў свята апазіцыі?»

«Ніяк не патлумачылі. Я апынуўся на ганку спецпрымальніка, я не ведаў, што мяне вызваляюць», – адзначыў Вячаслаў Сіўчык, якому спачатку прызначылі 5 содняў адміністрацыйнага арышту, але выпусцілі без адбывання прызначанага тэрміну цалкам.

Галіна Абакунчык прынесла ў суд сцягам з адбіткам абутку АМАПаўцу. Жанчына кажа, што ў Савецкім РУУСе праваахоўнікі паводзілі сябе не вельмі карэктна, кпілі.

Паводле праваабаронцы Насты Лойкі, яе і Андруся Крэчку абвінавачваюць па частцы 1 арт.23.34 КаАП за тое, што «ў 12 гадзінаў яны знаходзіліся на плошчы Я.Коласа і прымалі актыўны ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве».

Таццяна Самнікава распавяла “Белсату”, як міліцыянты сілаю змушалі яе здаць адбіткі пальцаў і фатаграфавацца для картатэкі. “Я крычал, што мне балюча, патрабавала спыніцца, але яны не звярталі увгі”, – кажа Таццяна.

Таццяну Самнікаву па тым самым артыкуле і па арт.23.4 – непадпарадкаванне патрабаванню міліцыянта (не хацела здаваць адбіткі да пратаколу), а Максіма Кавалёва – па ч.3 арт.23.34 (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў паўторна цягам года).

Таксама адміністрацыйныя пратаколы склалі на паплечнікаў Мікалая Статкевіча Сяргей Спарыша, Валянціна Троцкага, Сяргей Шарэнду, Арцёма Чарняка з Берасьця, Юрыя Татура і святара Віктара Кавалькова.

Паводле звестак праваабаронцаў, 25 сакавіка ў Менску і ў рэгіёнах затрымалі больш за сто чалавек (у Менску – 62 асобы, у рэгіёнах – 57 чалавек). Большасць з іх адпусцілі. Некалькі чалавек застаюцца за кратамі да суда.

Дазволены ўладамі мітынг і канцэрт «Свята Незалежнасці» прайшоў у Менску, акцыі таксама адбыліся ў Горадні, Берасці ды іншых гарадах.

Міліцыя правяла прэвентыўныя затрыманні актывістаў як у Менску, так і ў рэгіёнах: людзей затрымлівалі нават на выездзе з гарадоў, каб не дапусціць іхнага візіту ў Менск.

Праваахоўнікі таксама прэвентыўна «зачысцілі» патэнцыйных удзельнікаў несанкцыянаванага шэсця на плошчы Якуба Коласа. Позна ўвечары Мікалая Статкевіча, Уладзіміра Някляева, Яўгена Афнагеля, Максіма Вінярскага, Вячаслава Сіўчыка і Леаніда Кулакова адпусцілі з Акрэсціна.

Паводле ацэнак арганізатараў, на «Свята Незалежнасці» прыйшлі да 50 тысяч чалавек.

ДР belsat.eu

Hавiны